На участку № 94 Слабадской выбарчай акругі ажыццяўляўся ціск на давераных асобаў кандыдата ў дэпутаты Юрыя Меляшкевіча. Так, бацьку Юрася Меляшкевіча паўтары гадзіны не пускалі на тэрыторыю участка на той падставе, што ён з’яўляецца сваяком кандыдата, і, маўляў, зацікаўленая асоба.
Сям’я выбаршчыкаў участка № 97 выявіла, што за іх ужо нехта атрымаў бюлетэні і прагаласаваў. Выбаршчыкі рыхтуюць з гэтай нагоды заяву ў ЦВК і пракуратуру.
Пры выгрузцы бюлетэняў са скрыні датэрміновага галасавання на участку № 99 сярод іх аказаўся... пратакол па вылучэнню назіральніка, які быў зарэгістраваны на участку. На думку Юрася Меляшкевіча, гэта ўскосна сведчыць пра ўкідванне бюлетэняў, бо пратакол пасля рэгістрацыі назіральніка перадаецца ва ўчастковую выбарчую камісію і захоўваецца сярод дакументаў.
Параўноўваючы вынікі галасавання на участках, кандыдат ад Руху «За Свабоду» не знаходзіць ім тлумачэння:
— Колькасць галасоў у маю падтрымку на участках, дзе я праводзіў актыўную кампанію, прыкладна такая самая, як на кантрольным участку, дзе я не праводзіў ніякай агітацыі. Гэта вельмі дзіўна і сведчыць не пра рэальны стан рэчаў, а пра заданасць пэўных лічбаў.
На думку Юрася Меляшкевіча, выбары ў мясцовыя Саветы былі абсалютна непразрыстыя, іх вынікі — непраўдападобныя. Таму казаць пра рэальную перамогу кагосьці з кандыдатаў гаварыць не даводзіцца.
