Актывісту Руху «За Свабоду» закідалі выраб и распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных (артыкул 22.9, ч.2 КоАП РБ). Суддзя Іван Корэц палічыў даказаным толькі выраб. Міліцыянты прад’явілі, некалькі эксзэмпляраў «Пінскай газеты» і кампутарныя файлы з яе матэрыяламі, якія былі знойдзеныя на вінчэсцеры Алеся Рамановіча, забраным падчас ператрусу.
Аднак, актывіст звяртае ўвагу на шэраг акалічнасцяў, якія не дазваляюць яму пагадзіцца з рашэннем суддзі.
— Ужо мінула больш за 2 месяцы з моманту майго так бы мовіць правапарушэння. Пасля гэтага часу адміністрацыйныя справы ўжо не мусяць разглядацца. Адзінае рашэнне суддзі ў гэтым выпадку — апраўданне з прычыны даўнасці учынку. Па-другое, наяўнасць узгаданых файлаў — вельмі ўскосны доказ. Любы чалавек можа іх знайсці ў інтэрнэце. Па-трэцяе, суд не улічыў паказанні сведкаў з майго боку — яны, нібыта, зацікаўленыя асобы.
Алесь Рамановіч таксама звяртае увагу на тое, што суддзя абвясціў перапынак для вынясення рашэння на паўгадзіны, але з’явіўся толькі праз гадзіну 20 хвілін. На думку актывіста, вынясенне рашэння, напісанне матывацыі да яго далося суддзі з цяжкасцю, бо не зусім упісваецца ў законныя рамкі. Суддзя у сваім тлумачэнні зачапіўся за такое паняцце ў юрыспрудэнцыі, як «правапарушэнне, якое працягваецца ў часе».
Актывіст заяўляе, што яго віна не даказана, пакаранне выносілася, базуючыся на дапушчэннях, а справа шыта белымі ніткамі.
