Можна было б не звяртаць на гэтыя амаральна-палітычныя гульні ўвагі, але такія закіды з боку БХД гучаць у апошні час рэгулярна, расколваючы нацыянальна-дэмакратычныя сілы.
Між тым, абвінавачванні некаторых кіраўнікоў БХД абвяргаюцца самімі сябрамі партыі і шэрагам дакументальных доказаў.
Так, віцебскі сябра БХД Уладзімір Сіманковіч, якога нібыта спрабавала падкупіць Ніна Кавалёва, па-першае, катэгарычна абверг гэта ў размове з каардынатарам Руху «За Свабоду» па Віцебскай вобласці Хрыстафорам Жаляпавым. А па-другое, ён афіцыйна з’яўляецца сябрам Руху «За Свабоду», і ў сваёй заяве на ўступленне выказаў пісьмовую згоду збіраць подпісы за кандыдата ад Руху «За Свабоду».
БХД таксама абвінавачвала гомельскага каардынатара Руху «За Свабоду» Пятра Кузняцова, які за ўдзел у зборы подпісаў на карысць Аляксандра Мілінкевіча нібыта абяцаў хадэкам падтрымку лакальных праектаў.
Гомельскі каардынатар БХД Кастусь Жукоўскі, які ў межах БНБ супрацоўнічае з Рухам «За Свабоду» у афіцыйнай заяве катэгарычна абвергнуў абвінавачванні ў адрас Пятра Кузняцова: «Усе перамовы, якія зараз праходзяць паміж актывістамі, якія з’яўляюцца сябрамі Партыі БХД і Пятром Кузняцовым ініцыяваны бокам БХД, і ні якім чынам не падыходзяць пад вызначэнне «купляць каго б то ні было».
Паводле рэгіянальнага каардынатара БХД, «гомельскі актыў Партыі БХД і надалей пацвярджае сваю гатоўнасць шчыльна кааперавацца з Рухам „За Свабоду“ у Гомельскае вобласці, паколькі бачыць у гэтае структуры надзейнага партнёра, а таксама тую палітычную сілу, якая вартая даверу і можа праводзіць, разам з партнёрамі, моцныя і, нават, пераможныя, палітычныя кампаніі».
У сваю чаргу каардынатар Руху Гомельшчыны Пётр Кузняцоў адзначае, што мясцовыя актывісты Руху імкнуцца да шчыльнай супрацы з усімі суб’ектамі грамадска-палітычнага жыцця рэгіёна. Аднак, ніколі не вядзецца гутарка пра подкуп: «Мы прапануем партнёрскія ўзаемаадносіны і сумесныя дзеянні, як рэальны шлях для ўзмацнення дэмакратычнага руху».
