Першамайскі суд сёння, 19 чэрвеня прыняў рашэнне пра арышт на 15 сутак прэтэндэнта ў прэзідэнты, старшыні Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча за ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве 7 чэрвеня. У гэты дзень на пляцоўцы каля Камароўскага рынку ў Мінску адбываўся вялікі пікет па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Фактычна Губарэвіч атрымаў арышт за зварот да беларусаў з заклікам падтрымаць яго подпісамі.
Рух «За Свабоду» лічыць падобнае рашэнне прававым бязмежжам, працягам ціску на альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты.
Раней былі таксама затрыманыя прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка, кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, блогер Сяргей Ціханоўскі, дзесяткі членаў ініцыятыўных групаў, шэраг палітыкаў, актывістаў, блогераў. Удзельнікам выбарчай кампаніі паступалі пагрозы, іх беспадстаўна і адвольна затрымлівалі і штрафавалі.
Усё гэта сведчыць пра тое, што выбарчая кампанія адбываецца ў атмасферы страху, ціску на незалежных кандыдатаў, членаў іх камандаў, людзей, якія выказваюць свае меркаванні на легальных пікетах па зборы подпісаў. Але гэта не перашкаджае беларусам вышыхтоўвацца ў шматкіламетровыя чэргі салідарнасці, як гэта адбылося 18 чэрвеня.
У гэтых умовах Рух «За Свабоду» патрабуе ад уладаў:
— неадкладна спыніць пераслед палітычных апанентаў;
— неадкладна вызваліць арыштаваных;
— паважаць прынцып вяршынства права.
— забяспечыць роўную палітычную канкурэнцыю на выбарах.
— пакараць службовых асобаў, якія нясуць адказнасць за бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску і іншых падобных установах.
Рух «За Свабоду» звяртаецца да дэмакратычных прэтэндэнтаў у прэзідэнты з заклікам праявіць салідарнасць з затрыманымі і арыштаванымі ўдзельнікамі кампаніі, выказаць адназначную пазіцыю пра недапушчальнасць падобных паводзінаў з боку ўладаў.
Рух «За Свабоду» заклікае міжнародную супольнасць падтрымаць палітыкаў і грамадскіх актывістаў у Беларусі, якія аказаліся сёння ва ўмовах жорсткага ціску і рэпрэсіяў з боку ўладаў. Вітаем словы салідарнасці, выказаныя кіраўніцтвам Еўразвязу.
Мы ўдзячныя ўсім беларусам за ўдзел у акцыях салідарнасці, у тым ліку 18 чэрвеня ў Мінску, мы заклікаем да далейшай падтрымкі і супрацы. Разам мы зможам змяніць сітуацыю, і Беларусь стане дэмакратычнай!
