Падпісаць петыцыю можна тут
«Хоць распаўсюджванне інфекцыі COVID-19 набірае абароты, Аляксандр Лукашэнка і Міністэрства адукацыі прынялі рашэнне, што дзеці з 20 красавіка павінны пайсці ў школы. Мы лічым такое рашэнне ўладаў Беларусі безадказным і непрадуманым», — лічаць аўтары петыцыі.
Па іх словах, дзеці і падлеткі радзей заражаюцца каронавірусам і хварэюць у больш лёгкай форме, чым дарослыя, але не менш актыўна пераносяць інфекцыю.
Акрамя таго ёсць іншыя небяспекі:
— вучоба ў класах з вялікай колькасцю школьнікаў не дазваляе выконваць рэкамендаваную медыкамі сацыяльную дыстанцыю.
— няма спадзеву, што дзеці будуць выкарыстоўваць сродкі абароны-маскі і санітайзеры, а настаўнікі змогуць гэта адсачыць.
— самі педагогі апынуцца ў зоне падвышанай рызыкі заражэння каранавірусам.
«Мы патрабуем ўвядзення каранціну для школьнікаў і студэнтаў і правядзення вучэбнага працэсу ў дыстанцыйным рэжыме. Самы час Міністэрству адукацыі даказаць, што Беларусь - IT-краіна», — заявілі аўтары петыцыі.
«У сённяшняй сітуацыі лагічным крокам беларускіх уладаў, каб спрыяць абмежаванню людскіх кантактаў, зрабіць гэтыя крокі ў сферах, якія наўпрост не звязаныя з функцыяваннем эканомікі. А гэта студэнты і школьнікі прынамсі старэйшых класаў», — пракаментаваў ініцыятыву старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Але замест мераў, якія настойліва рэкамендуюць прадстаўнікі СААЗ, дадаў палітык, «улады зноў абіраюць свой унікальны беларускі шлях, і вяртаюць школьнікаў у класы». Пры гэтым, пакуль ідзе імклівы рост тых, хто захварэў, і да піка, а тым болей да спаду яшчэ вельмі далёка і немагчыма прагназаваць, калі ён адбудзецца.
«Канікулы падаўжаліся на некалькі тыдняў, і гэта быў час, калі варта было наладзіць дыстанцыйнае навучанне. Шмат якія школы і настаўнікі пачалі гэта рабіць па ўласнай ініцыятыве, у іх дастаткова добра атрымліваецца. У прыватнасці, мае дзеці дыстанцыйнае навучанне атрымліваюць не толькі з боку школы, але і курсаў замежнай мовы», — кажа Губарэвіч.
Ён заклікаў думаць перад усім пра бяспеку, бо адна справа, калі дзеці знаходзяцца дома, а другая — калі яны пойдуць у школу і пасля прынясуць каранавірус да сваіх бабуляў і дзядуляў. «Гэта будзе зусім іншая сітуацыя і шалёны ўсплеск, і ўлады павінны пра гэта думаць», — падкрэсліў старшыня Руху «За Свабоду».
«Мы настойліва заклікаем і патрабуем працягнуць знаходжанне школьнікаў дома. Натуральна, што вучэбны год ніхто не адмяняў. Таму павінна максімальна шырока разгарнуць дыстанцыйнае навучанне», — заключыў Юрый Губарэвіч.
