Віктар Сырыца, вядомы баранавіцкі краязнаўца, гісторык, актывіст, каардынатар мясцовай суполкі Руху "За Свабоду" раптоўна памёр у 2015 годзе. У 2016 годзе ў памяць пра яго Рух «За Свабоду» заснаваў прэмію ягонага імя, якой узнагароджваюць актывістаў, якія за мінулы год арганізавалі выбітныя рэгіянальныя ініцыятывы. У гэтым годзе на прэмію паступілі 25 заявак, з якіх сем былі абраныя ў шорт-ліст для галасавання Рады.
«Прэмія імя Віктара Сырыцы дапамагае звярнуць увагу на вартыя ініцыятывы, кампаніі, ініцыятывы на тэму беларускага адраджэння, якія ладзяцца ў рэгіёнах», - адзначыў на радзе старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Ён таксама адзначыў пазітыў у тым, што акрамя асноўнага галасавання з'явілася грамадскае. «Такім чынам галасаванне за лаўрэата прэміі выходзіць за межы Руху «За Свабоду». Прэтэндэнты могуць прыцягнуць людзей, якія ведаюць пра іх дзейнасць і падтрымліваюць яе», - дадаў палітык.
Пераможцай грамадскага галасавання стала Ларыса Шчыракова за кампанію «Забітыя і забытыя» па ўшанаванню ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пад Гомелем.
