«Практыкі мясцовага самакіравання ў Беларусі і Швецыі істотна адрозніваюцца. Для Швецыі, якая прайшла шлях дэмакратычнага развіцця, не ўзнікае пытанняў, чаму трэба ўлічваць меркаванні жыхароў на ўсіх узроўнях, пачынаючы з лакальнага, існуе механізм уліку гэтых рашэнняў», — заявіў, адкрываючы круглы стол, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, палітыкі, якія ў Швецыі адступаюць ад пажаданняў выбарцаў, надоўга пры ўладзе не затрымліваюцца.
«У Беларусі сітуацыя каардынальна адрозніваецца: ніякая ўлада, у тым ліку мясцовая, не абіраецца. Гэта дазваляе ёй не браць у разлік меркаванне людзей. Задача Руху „За Свабоду“ — змяніць сітуацыю, мы працуем над тым, каб дапамагаць людзям, якія змагаюцца за свае правы. Пры гэтым мы разумеем, што адносіны паміж грамадствам і ўладамі не павінны звадзіцца толькі да канфрантацыі, але меркаванні павінны быць улічаныя», — дадаў лідар Руху.
Не ўсе правілы, якія дзейнічаюць у Швецыі, спрацуюць у Беларусі, але ёсць і ўніверсальныя, адзначыла Элізабэт Лан, віцэ-мэр Гётэборгу.
«У палітычным працэсе ў Швецыі вельмі важная роля выбарцаў: іх запрашаюць на дэбаты, перамовы, яны падымаюць вельмі важныя пытанні, прымушаюць палітыкаў прыслухоўвацца да іх і прасоўваць іх інтарэсы, яны з’яўляюцца палітычнымі партнёрамі для прасоўвання інтарэсаў усяго грамадства», — падкрэсліла Лан.
Па яе словах, дзяржава павінна гарантаваць дабрабыт для ўсіх выбарцаў, але калі могуць нешта добрае зрабіць грамадскія актывісты, яны павіны атрымаць свабоду дзеянняў у гэтым накірунку. «Грамадства павінна быць уцягнутае ў пабудову дэмакратыі, гэта дапамагае даверу да ўладаў і гэтай сістэмы кіравання», — падкрэсліла шведскі палітык.
Пра формы ўдзелу грамадзянаў у прыняцці рашэнняў распавёў Міраслаў Кобаса з Фундацыі Льва Сапегі. Грамадскі дзеяч прызнаў, што працуюць у нас далёка не ўсе метады, напрыклад, не быў праведзены ніводны мясцовы рэферэндум.
«Асноўных перашкодаў тры. Першая, гэта сама пастаноўка пытання, на рэферэндум павінны выносіцца важнейшыя пытанні, і іх важнасць вызначае абласное аддзяленне Мінюста. Другая, фінансавыя расходы ляжаць на грамадзянах. І трэцяя, няма механізму рэакцыі на рашэнні рэферэндуму, улады могуць проста прыняць да ведама», — адзначыў Кобаса.
Па ягоных словах, «трэба на мясцовым узроўні супрацоўнічаць з мясцовай уладай, але разумець, што сістэма пабудаваная такім чынам, каб было лепей не нам, а намі кіраваць: інтарэсы грамадзянаў — не на першым месцы».
Пра практыку правядзення ў Беларусі мясцовых рэферэндумаў распавёў і намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч. У Беларусі праз азначаныя вышэй перашкоды было ўсяго чатыры спробы жыхароў такім чынам данесці сваё меркаванне па рашэнню лакальных праблемаў. Але пры гэтым палітык лічыць, што пэўныя плюсы ў выкарыстанні мясцовага рэферэндуму ўсё ж ёсць.
«Калі грамадзяне заяўляюць пра яго правядзенне, то пераводзяць праблему на іншы парадак: больш шырокі інфармацыйны і мабілізацыйны эфект, пераводзяць фактар сацыяльнай напружанасці ў палітычную плоскасць», — патлумачыў Янчурэвіч.
Па выніку ідэі пра правядзенне рэферэндуму па забудове Севастопальскага парка, які ініцыяваў калісьці палітык, планы былі змененыя. «Трэба карыстацца спосабамі, якія нам дае заканадаўства», — заключыў Янчурэвіч.
Пра кейсы змагання за свае правы жыхароў Мінскага раёну распавяла Вольга Беляўцова з Праваабаронча-асветніцкай установы «Ваколіца». Сярод паспяховых яна назвала працу каладзішчанскай ініцыятыўнай групы. «Яны адстаялі 5 гектараў леса, выклікалі незалежную экспертызу, знайшлі там чырвонакніжныя віды. Зараз адстойваюць іншыя тэрыторыі ў сябе. І, думаю, у іх усё атрымаецца», — заключыла Беляўцова.
У завяршэнні круглага стала ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю дзеля павялічэння эфектыўнасці ўдзелу грамадзянаў у прыняцці рашэнняў на лакальным узроўні. Удзельнікі круглага стала лічаць неабходным развіваць камунікацыю паміж мясцовай уладай і гараджанамі па пытаннях лакальнага характару, дзеля чаго звярнуліся да ўсіх суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы, у тым ліку кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання.
