У працы Круглага стала прынялі ўдзел намеснік мэра г. Гётэборг (Швецыя), эксперты Фонда імя Льва Сапегі, прадстаўнікі навукова-асветніцкіх ўстаноў і грамадскіх аб’яднанняў Беларусі, актывісты грамадзянскіх ініцыятываў.
Па выніку абмеркавання дакладаў удзельнікі круглага стала адзначылі:
-
Стварэнне спрыяльнага навакольнага асяроддзя ў гарадах немагчыма без паўнавартаснага ўдзелу грамадзян у абмеркаванні і прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні;
-
Еўрапейская практыка сыходзіць з неабходнасці ўцягвання ў абмеркаванне ўсіх зацікаўленых бакоў для прыняцця ўзважаных рашэнняў, датычных устойлівага развіцця мясцовых грамадаў;
-
Згодна беларускага заканадаўства існуе шэраг формаў удзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні, аднак яны з’яўляюцца малапрывабнымі і фактычна не працуюць ў сувязі з празмернай забюракратызаванасцю, фармальным характарам і адсутнасцю зацікаўленасці мясцовай ўлады ў наладжванні дыялогу з прадстаўнікамі мясцовых супольнасцяў.
Удзельнікі круглага стала лічаць неабходным развіваць камунікацыю паміж мясцовай уладай і гараджанамі па пытаннях лакальнага характару, дзеля чаго звяртаюцца да ўсіх суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы, у тым ліку кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання і кіравання Беларусі, з наступнымі прапановамі:
-
Прызнаць на ўзроўні закона грамадзян Рэспублікі Беларусь паўнавартаснымі суб’ектамі прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні;
-
Гарантаваць на ўзроўні закона правядзенне грамадскіх абмеркаванняў па пытаннях развіцця тэрыторый населеных пунктаў да пачатку распрацоўкі праектаў;
-
Спрасціць працэдуру правядзення мясцовага рэферэндуму і надаць яго вынікам абавязковы характар;
-
Замацаваць абавязак мясцовых Саветаў дэпутатаў выносіць на разгляд сесіі савета прапановы, прапанаваныя групай грамадзянаў болей за 30 чалавек;
-
Стварыць на ўзроўні закона грамадскія кансультацыйныя рады пры мясцовых выканкамах;
-
Укараніць практыку стварэння бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу для ажыццяўлення ініцыятываў мясцовых супольнасцяў па развіцці тэрыторыяў населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь.
