«Сёння адбыўся пікет супраць інтэграцыі Беларусі ў Беластоку. Сабралося каля 10 чалавек. Пратэстоўцы выказаліся супраць інтэграцыі з Расіяй а таксама была прынята рэзалюцыя», — распавёў сайту Pyx.by Цянюта.
Актывіст Руху «За Свабоду» лічыць, што «акцыя была паспяховай бо мы прыцягнулі увагу ў Польшчы і Беластоку да гэтай праблемы».
«Зараз вельмі важна праводзіць такія акцыі, бо яны спрыяюць грамадскаму меркаванню у свеце, што Беларусь спрабуюць інтэграваць з Расіяй супраць волі грамадзянаў», — заключыў Андрусь Цянюта.
З цікавых акалічнасцяў, па словах сведкаў, пад час акцыі пратэсту кансулят спыніў сваю працу.





РЭЗАЛЮЦЫЯ
Мы, удзельнікі сходу, выказваем свой катэгарычны пратэст супраць так званай глыбокай інтэграцыі з Расейскай Федэрацыяй і падпісання «дарожных картаў». Мы заяўляем аб нелегітымнасці любых пагадненняў, якія падпішуць прадстаўнікі сённяшніх кіруючых рэжымаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі.
Усе дамовы, сакрэтныя пратаколы пад прыкрыццём «саюзнай дзяржавы» падпісаныя Лукашэнкам і Пуціным і іх даверанымі асобамі, не будуць адпавядаць Канстытуцыі і памкненням беларускага народу. Мы стагоддзямі змагаліся за Незалежнасць і дзяржаўнасць не дзеля таго каб адзіным подпісам чыноўнікаў Беларусь спыніла свае існаванне.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць праявіць салідарнасць з беларускім народам, прызнаць нелегітымнымі любыя пагадненні між рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна ў межах так званай Саюзнай дзяржавы. Мы будзем патрабаваць увесці дадатковыя санкцыі ў выпадку падпісання гэтых пагадненняў.
Нам не патрэбны саюз з краінай-агрэсарам. Беларускі народ з’яўляецца часткай Еўрапейскай сям’і народаў.
У беларускага народа хопіць сілаў абараніць Незалежнасць і дамагчыся вяртання сваіх правоў і свабодаў.
Свабоду не спыніць!
Незалежнасць — гэта шлях да Свабоды!
Беларусь жыла, жыве і будзе Жыць!
20 снежня 2019 г.
