Дакумент быў прапанаваны як рэакцыя на інфармацыю ў расійскіх СМІ, пагрозу страты эканамічнага і палітычнага суверэнітэту Беларусі, экспансіянісцкую палітыку Расіі, адсутнасць рэакцыі кіраўніцтва краіны на гэтыя выклікі.
У арганізацыі лічаць, што парафіраванне праграмы эканамічнай інтэграцыі з Расіяй без шырокага абмеркавання з’яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі. Дзеля захавання суверэнітэту Беларусі Рух «За свабоду» запатрабаваў ад уладаў устрымацца ад заключэння гэтай дамовы, а таксама дэнансаваць дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы «як неэфектыўную і супярэчную нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», аднавіць паўнавартасную мяжу паміж двума краінамі.
Таксама па меркаванню аўтараў заявы трэба зрабіць неадкладныя крокі для ўступлення Рэспублікі Беларусь у Раду Еўропы, заключыць двухбаковыя дамовы аб гарантыях тэрміновай вайсковай падтрымкі Беларусі ў выніку акупацыі або дыверсійных дзеянняў з падпісантамі Будапешцкага мемарандуму, правесці дэмакратычныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары з улікам усіх заўвагаў і рэкамендацыяў з боку АБСЕ.
Рух «За Свабоду» заклікаў беларусаў «у выпадку любых спробаў аншлюсу Рэспублікі Беларусь сілавым шляхам ці шляхам эканамічнага паглынання выступіць у абарону суверэнітэту і незалежнасці сваёй краіны ўсімі даступнымі сродкамі» у адпаведнасці з Канстытуцыяй. У прыватнасці ў арганізацыі спасылаюцца на патрабаванні арт. 57 (“Абарона Рэспублiкi Беларусь - абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”).
У арганізацыі падкрэслілі важнасць правядзення шматвектарнай і збалансаванай знешняй палітыкі Рэспублікай Беларусь для захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны, а таксама адпаведнасць еўрапейскай інтэграцыі нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
