На сустрэчу 28 жніўня прыехалі актывісты з Оршы, Віцебску, Лёзна, Магілёва, Шклова, Мінска, у тым ліку і сябры Руху «За Свабоду».
Помнік у Пагосцішчах быў усталяваны больш за 10 год таму і ўжо пачаў развальвацца. Аднак у гэтым годзе з’явілася магчымасць для ўсталёўкі новага памятнага знака, крыж і новы камень былі ўсталяваныя побач са старым.

На адкрыццё прыехала таксама настаўніца гісторыі Алена Грачышнікава, якая разам з вучнямі ўсталявала першы бетонны крыж. «Я прывезла з сабой дзяцей, каб яны ведалі, за што аддаў сваё жыццё Будзіловіч — за тое, каб наша краіна была незалежнай, і разумеюць гэтую каштоўнасць», — адзначыла яна.

«Паўстанне Кастуся Каліноўскага — гэта адна з асноваў нашай незалежнасці, — звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы сябра Рады Руху „За Свабоду“ Вольга Быкоўская. — Наша бяда ў тым, што дзяржава фактычна нічога не робіць для таго, каб ушанаваць памяць касінераў. Але пры гэтым у нас ёсць актывісты, дзякуючы якім з’яўляюцца падобныя знакі».
Яна нагадала пра стэлы і крыжы на месцах пахаванняў паўстанцаў у Гродзенскай вобласці, дзе пытаннем таксама займаюцца і сябры Руху «За Свабоду».
У сваю чаргу грамадская актывістка Паліна Сцепаненка выказала ідэю, што чым болей падобных знакаў, тым мацней наша незалежнасць.

«Сярод нас ёсць тыя, хто можа ахвяраць дзеля агульнай справы часам, маёмасцю і нават, калі ў дзверы будзе грукацца вораг і трэба будзе бараніць краіну, і жыццём. Мы не павінны забываць, што мы маем незалежнасць, і наколькі гэта важна», — адзначыла сябра Руху «За Свабоду» Таццяна Севярынец.

Удзельнікі прыгадалі ўсіх, хто загінуў за незалежнасць Беларусі хвілінай маўчання.
«Маладое пакаленне працягнуць іх справу, — заключыў Нагорны. — Не дай Бог, каб яны пралівалі кроў, але каб яны памяталі, што самае святое, што ёсць у чалавека, гэта ягоная Радзіма, гэта краіна, гэта свабода, гэта воля».
Завершылася афіцыйная частка мерапрыемства традыцыйным вітаннем паўстанцаў Каліноўскага: «Каго любіш? Люблю Беларусь. Ну дык узаемна».
Фота Радыё "Рацыя", Вольгі Быкоўскай і Пятра Мігурскага
