Гісторыя пачалася, калі Аляксей шукаў інфармацыю пра Гродзенскі замак і знайшоў артыкул, дзе распавядалася, што ў Смаргоні ў бліжэйшы час з’явіцца графіці з выявай Крэўскага замка. Эскіз быў ужо ўзгоднены з мясцовымі ўладамі, але надпіс на ім быў зроблены па-руску. Пасля гэтага актывіст Руху «За Свабоду» вырашыў звярнуцца да мясцовых уладаў.
«Смаргонь вельмі прыгожы горад, вельмі гістарычны! Асабліва прыемна ведаць, што ў гэтым годзе ў Смаргоні плануецца зрабіць графіці Крэўскага замка. Аднак адзін факт саспуе ўвесь смак гэтага: графіці, ці як кажуць, мурал, з выяваю замка будзе на рускай мове», — адзначыў у звароце Аляксей Дужы.
Ён выказаў абурэнне, што гэта адбываецца ў Гродзенскай вобласці, Смаргоні і нагадаў, што «Альгерд, чый замак гэта быў, ён жа не расіянін, і мова ВКЛ была старабеларуская». Вакол, дадаў актывіст, спрэс руская мова і спытаў, чаму беларуская мова выцясняецца.
«Не рабіце яшчэ адзін крок, калі ласка, у бок русіфікацыі — замяніце тэкст на графіці на беларускую мову», — заключыў Аляксей Дужы.
Адказ з Смаргоні прыйшоў станоўчы.
«Ваша прапанова аб вызначэнні надпісу тэкста на рускай ці беларускай мове на графіці з рэпрадукцыяй Крэўскага замка разгледжаная. Паведамляем, што надпіс на графіці будзе зроблены на беларускай мове», — адзначыў старшыня Смаргонскага райвыканкаму Генадзь Харужык.

Нагадаем, што падобная сітуацыя склалася ў Слоніме, пасля негатыўнай рэакцыі і звароту актывістаў у тым ліку сябра Руху «За Свабоду» Аляксея Дужага, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне графіці да Дня беларускага пісьменства зрабіць на беларускай мове. Абяцалі зрабіць гэта да 1 чэрвеня, але пакуль не выканалі.
Намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Уладзімір Кот паабяцаў выправіць сітуацыю да 1 жніўня, патлумачыўшы, што сітуацыя звязаная з тым, яны выклікаюць мастакоў на адзін дзень, каб выканаць адразу некалькі графіці.
