Нагадаем, што 18 красавіка суд Ленінскага раёна Берасця вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.188 (“Паклёп”) і ч.2 арт.189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічынь (9180 рублёў, ці 4381 даляр).
Пятрухіна абавязалі таксама выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РУУС Берасця 8500 рублёў, ці 4250 даляраў. Усяго Пятрухін абавязаны выплаціць каля 9 тысяч даляраў.
Сяргей Пятрухін: Я абскардзіў рашэнне раённага суда ў Берасцейскім абласным судзе, зараз знаёмлюся з пратаколамі судовых пасяджэнняў. Пакуль дата разгляду апеляцыі не прызначана.
РР: Як вядома, на платформе MolaMola заблакавалі збор сродкаў на пагашэнне вашага штрафу…
Сяргей Пятрухін: Так, бо, маўляў, выяўлена неадпаведнасць бягучаму заканадаўству Беларусі ў частцы збору сродкаў на штрафы. За той час, пакуль не заблакавалі, мне сабралі каля 1200 рублёў на аплату штрафаў, але не толькі на гэтай платформе. Грошы я зняў, але сёння на маёй картцы чамусьці мінус 170 рублёў. Трэба разбірацца ў банку, што здарылася.
Зараз наогул на мяне наваліліся праблемы з усіх бакоў. Праходзяць суды, выпісваюць штрафы. З таго часу, як пачаліся пратэсты супраць будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага завода, сума назбіралася ўжо досыць вялікая. Але будзем змагацца да канца.
Кастусь Заблоцкі
