Віну за гэта мы ўскладаем на ўлады, якія ў гэтым годзе пачалі гандляваць канстытуцыйнымі свабодамі грамадзянаў, патрабуючы немалых грошай з удзельнікаў мірных дэманстрацый. Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху не стаў плаціць уладам за права правядзення гэтай вулічнай акцыі — яна ўжо аплачаная жыццямі і здароўем людзей!
Памяць пра Чарнобыль не прадаецца, а пратэст не можа стаць камерцыйным шоу, асноўную выгаду ад якога атрымлівае рэпрэсіўная ўлада!
Але ў гэты дзень мы ўсе адзначаем гэтую дату так, як лічым патрэбным: мы распавядаем пра наступствы чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы і рызыках АЭС пад Астраўцом, робім выставы і кінапаказы, праводзім дыскусіі і шмат што іншае. Усе дзеянні маюць адну простую і зразумелую для нас мэту — спыніць атамны генацыд беларусаў.
Сёння мы не проста аддаем даніну памяці, інфармуем і заяўляем, але па-ранейшаму выстаўляем патрабаванні уладам:
-
спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС як пагрозу нацыянальнаму суверэнітэту, эканамічна і энергетычна небяспечнае, якое нясе непрымальныя рызыкі для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя; правесці кансультацыі пра мэтазгоднасць працягу мараторыя на будаўніцтва АЭС у Беларусі, якая не адпавядае інтарэсам краіны; распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага бяз’ядзернага развіцця Беларусі;
-
спыніць засваенне чарнобыльскіх зямель і вытворчасць там прадуктаў харчавання; даць жыхарам забруджаных тэрыторый рэальныя альтэрнатывы перасялення;
-
аднавіць дзеянне закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС», прынятага ў 1991 годзе, які забяспечвае лепшую абарону ліквідатараў і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС;
-
спыніць палітычную і сацыяльную дэстабілізацыю ў краіне, адмяніўшы новае рэпрэсіўнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (гэта папраўкі ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах» і Пастанова Савета Міністраў № 49), спыніўшы палітычныя рэпрэсіі;
-
пачаць раўнапраўны і сумленны дыялог з грамадскасцю і стварыць дзейсныя механізмы для ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў; забяспечыць свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый, забяспечыць правядзенне свабодных і празрыстых выбараў.
Да ўводу ў строй Астравецкай АЭС засталося не так шмат часу — менш за год! Калі будаўніцтва будзе спынена да пуску, гэта дасць магчымасць пазбегнуць высокіх выдаткаў на працу з небяспечным на працягу тысячагоддзяў адпрацаваным ядзерным палівам і непрымальных для беларусаў экалагічных рызыкаў. Гэта дасць шанец Беларусі захаваць суверэнітэт ва ўмовах росту ціску і, ў тым ліку, энергетычнага, з боку суседняй краіны. Расійская АЭС на беларускай зямлі — гэта інструмент гібрыднай вайны, ён можа быць выкарыстаны пры любым лакальным канфлікце з удзелам Расіі. Разбуральную сілу гэтага інструмента ужо паказаў Чарнобыль!
Не Астравецкай АЭС!
Не радыяцыйнаму, сацыяльнаму і палітычнаму Чарнобылю!
