«Завяршыліся XVII адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па сучасным пяцібор’і на прызы упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама. Магілёў па традыцыі апынуўся гасцінным, карэктным ды адказным арганізатарам спаборніцтваў. 125 чалавек з Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей і Данецкай Народнай Рэспублікі сабрала гэта яркая спартыўная падзея, — адзначалі аўтары навіны.
У адказ на навіны, якія з’явіліся ля тыдня таму і дзе цытавалася гэтае паведамленне, сябра Руху «За Свабоду» Вячаслаў Вязьмін звярнуўся за тлумачэннямі ва Упраўленне па спорце і турызму Магілёўскага аблвыканкаму.
У прыватнасці актывіст прасіў патлумачыць, дзе знаходзіцца т.зв. ДНР, кім былі запрошаныя спартсмены, пад якімі сцягамі яны выступалі, кім аплочваліся спаборніцтвы і фінансаваўся ўдзел згаданых спартсменаў.

У артыкуле на сайце была дапушчаная памылка, прызнаў начальнік упраўлення С. Новікаў у адказе Вязьміну: «спартсмены з Данецка (Украіна) былі пазначаныя як спартсмены з ДНР».
«Удзельнікі з Данецка выступалі пад сцягам Украіны, мелі ўкраінскія пашпарты, і іх фінансаванне ажыццяўлялася за кошт камандзіруючай арганізацыі. Адміністрацыі ўстановы паказана на недапушчэнне ў далейшых такіх сітуацый», — паведаміў Новікаў.
Пасля звароту былі таксама «ўнесеныя праўкі і ліквідаваныя недахопы ў афармленні і сайта» упраўлення. Прынамсі ў беларускай версіі сайта там выкарыстоўвалася «хварэем» (калька з рускай мовы болеть за кого-то) замест «заўзеем».
(загалоўнае фота ілюстратыўнае)
