Свята 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы працягвалася шэсць гадзінаў і сабрала па-розных падліках да 5 тысяч чалавек.
«Такія паборы сумнеўныя з кропкі гледжання Канстытуцыі, бо працу міліцыі мы аплацілі сваімі падаткамі і на масавыя мерапрыемствы маем законнае права. Але ў выпадку з выкананнем міліцыяй сваіх абавязкаў у Кіеўскім скверы ёсць шэраг пытанняў», — пракаментаваў рашэнне старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па-першае, ён звярнуў увагу на тое, што пад час мерапрыемства невядомыя асобы выкралі з пляцоўкі, якая ахоўвалася міліцыяй, і звезлі ў невядомым накірунку удзельніка мерапрыемства, грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага.
«Гэта было менавіта выкраданне, а не затрыманне, бо на нападніках не было знакаў адрознення, яны не прадставіліся і не назвалі прычыны „затрымання“. Прысутныя на мерапрыемстве супрацоўнікі міліцыі ў форме адмаўляліся рэагаваць на гэты інцыдэнт і нават паведаміць, хто каардынуе іх працу ў Кіеўскім скверы», — патлумачыў Губарэвіч.
Па-другое, супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся на пунктах пропуску, незаконна не дазвалялі ўдзельнікам масавага мерапрыемства пакінуць тэрыторыю з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі. На спробы атрымаць тлумачэнні такіх паводзінаў міліцыянты нічога не адказвалі і пагражалі затрыманнямі.
Заяўнікі перадалі ва УУС гарвыканкама пісьмовую прэтэнзію аб скасаванні дамовы, не выключана, што будзе зварот у суд.
