Кіраўнік Беларусі выказаўся аб гэтым на так званай „вялікай размове з прэзідэнтам”, якая адбылася 1 сакавіка ў Менску. Па словах Юрася Губарэвіча, гэта прамы адказ на мары з Расіі.
– Натуральна, што абсалютна ў руках Лукашэнкі і ягоных людзей на ўсіх узроўнях вертыкалі ўлады забяспечыць патрэбны вынік. Калі было сказана 98 адсоткаў, то нават будзе перавыкананне плана, і на магчымым рэферэндуме пра аб’яднанне будзе стоадсоткавая адмова з боку Беларусі, - лічыць Губарэвіч.
У прынцыпе, дадаў ён, гэтыя лічбы не далёкія ад рэальнасці. Бо па выніках сацыялагічных апытанняў, якія праводзіліся ў папярэднія гады, калі была такая магчымасць, вельмі нязначная частка беларусаў выказвалася за наўпроставае аб’яднанне з Расеяй.
Такім чынам Аляксандр Лукашэннка спрабуе забяспечыць сабе поле для манёўра і супрацьстаяць націску з боку Крамля ў пытанні больш глыбокай інтэграцыі, – лічыць Юрась Губарэвіч.
