«Мы ўпершыню сабраліся на сустрэчу памяці Гавела ў 2012 годзе. Гэта праходзіла на фоне дастаткова змрочных часоў, якія былі на той момант у Беларусі: дзясяткі патрыётаў былі ў вязніцах за тое, што яны выступілі адкрыта за свабоду, выступілі за перамены. І для нас Вацлаў Гавел заўсёды будзе сімвалам такіх пераменаў», — заявіў у выступе перад гасцямі вечарыны старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
У гэтым годзе арганізатарам традыцыйнай вечарыны памяці Гавела выступілі акрамя Руху «За Свабоду», Праваабрончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт.
Губарэвіч пабачыў шмат паралеляў у лёсаў двух краінаў — Беларусі і Чэхіі: прыкладна аднолькавая колькасць насельніцтва, «разам спазналі жыццё пад імперыямі», «у чэхаў, як і ў беларусаў былі праблемы з нацыянальнай мовай», «але краіна здолела аднавіцца».
«Гаворачы пра Гавела, мы гаворым пра яго як пра прыклад, як пра палітыка, на якога можна арыентавацца цяпер у Беларусі. Вельмі хацелася б, каб памяць пра яго заставалася не толькі ў тых людзей, хто з ім сустракаўся, але і пашыралася», — адзначыў лідар Руху «За Свабоду».
Прыйдзе час, упэўнены Губарэвіч, калі ў Беларусі пачнецца дэкамунізацыя, вуліцы у гонар камуністычных дзеячоў будуць перайменаваныя. «Адзін з першых ганаровых замежнікаў, чыё імя павінна быць замацаваная ў мясцовай тапамініцы — гэта Вацлаў Гавел», — падкрэсліў Юрый Губарэвіч.
«Вацлаў Гавел усё жыццё змагаўся за правы і свабоды, ён быў не толькі вялікім палітыкам, але і вялікім чалавекам, лідарам нашага народа і дзяржавы», — адзначыў пасол Чэхіі Томаш Перніцкі.
Ён падкрэсліў, што менавіта дзякуючы Гавелу для Чэхіі былі адкрытыя дзверы ў НАТА і Еўрасаюз.
Хутка ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, нагадаў кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. «Вопыт Гавела паказвае, што калі нехта і мае шанец, то гэта павінны быць адзін чалавек, прадстаўнік аб’яднанай апазіцыі», — адзначыў правабаронца.
Па ягоных словах, чэшскі палітык да апошняга заставаўся прыхільнікам аб’ектыўнага і шчырага дыялогу з беларускімі ўладамі.
