Праграму рэформаў прадставіў сябрам Руху палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.
Мы працягваем абмеркаванне абноўленай палітычнай праграмы Руху «За Свабоду»: з 8 запланаваных тэмаў засталіся дзве — міжнародная палітыка і мясцовае самакіраванне, адзначыў, адкрываючы круглы стол, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
«Сёння афіцыйны Мінск дэкларуе шматвектарнасць, але гэта не так: назіраецца моцны ўхіл на ўсход, у тым ліку да Кітаю. Гэта прыносіць дывідэнды, але і з’яўляецца вялікай рызыкай таго, што мы будзем уцягнутыя ў такія паводзіны, якія не зусім у нашых інтарэсах», — адзначыў Андрэй Фёдараў.
Па ягоным меркаванні, адзінае, што можам супрацьпаставіць Крамлю — гэта добрыя адносіны з Захадам. Яны на сёння палепшыліся, але знаходзяцца ля мяжы, якую беларускія ўлады не захочуць перакрочваць, бо гэта падарве іх палітыку.
Беларусі варта асцярожна выходзіць з постсавецкіх утварэнняў (СНД, ЕАЭС, Саюзная дзяржава з Расіяй). «Не ведаю, якім чынам, і ці дапусціць Расія. Але без гэтага мы не зменім знешнюю палітыку», — дадаў Фёдараў.
Сярод агучаных прапановаў, якія ў далейшым будуць больш шырока абмяркоўвацца ў арганізацыі і зацвярджацца радай у якасці праграмнага дакумента: далучэнне да Рады Еўропы, умацаванне супрацоўніцтва з NATO, нармалізацыя стасункаў з ЗША, наладжванне працы з дыяспарай.
«Неабходны перагляд прыярытэтаў знешняй палітыкі, пераход ад ідэалізаванага да прагматычнага падыходу ў выбары прыарытэтных партнёраў на далёкіх кантынентах», — таксама адзначаецца ў дакуменце.
З удзелам іншых запрошаных экспертаў удзельнікі абмеркавалі магчымую пагрозу з боку Расіі, а таксама прыйшлі да высновы пра неабходнасць рэфармавання МЗС і змены прыярытэтаў працы амбасадаў з знешнегандлёвых на палітычныя.



