Сяргей Румас быў зацверджаны ў ролі прэм’ер-міністра Беларусі. Супраць прызначэння выступіў толькі адзіны дэпутат Палаты прадстаўнікоў — Ганна Канапацкая. Усе астатнія цалкам задаволеныя новым прэм’ерам?
«Палата прадстаўнікоў настолькі дэкаратыўны орган, што забывае, якія ў яе ёсць паўнамоцтвы. Бо насамрэч прапісана, што кандыдатура прэм’ера мусіць узгадняцца з дэпутатамі, яны галасуюць і ўжо пасля гэтага можа стаць паўнавартасным кіраўніком урада Беларусі»? — каментуе сітуацыю старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па словах актывіста з Горак Андрэя Юркова, беларускі ўрад ніколі не пойдзе на істотныя змены ў любым сур’ёзным пытанні — ад кадравых перастановак да эканамічных зменаў.
«Праблема вельмі глыбокая і хто наважыцца яе вырашаць, будзе першы ўрад самазабойцаў. І я сумняваюся, што гэта будзе Румас, што ён самазабойца, бо там проста жах. На сённяшні дзень прадпрыемстваў як такіх няма, як адзінак гаспадарання. Ёсць райвыканкам, старшыня райвыканкаму, а старшыні прадпрыемстваў сельскагаспадарчых гэта фактычна як брыгадзіры раней на фермах. Усё пад кантролем. У іх няма ніякіх паўнамоцтваў нават унутры ўласнай гаспадаркі нічога рабіць. Яны выконваюць чотка загады зверху», — апісаў сітуацыю на прыкладзе становішча ў сельскагаспадарчым сектары Андрэй Юркоў.
