Праграму рэформы галіны прадставіў сябрам Руху медык, кандыдат навук Андрэй Вітушка.
«Асноўная задача — перавесці фокус увагі на пацыента. Гэта самая важная задача. Для гэтага трэба змена каманды», — адзначыў эксперт на круглым стале.
Ён таксама выказаўся за неабходнасць пераходу да страхавой медыцыны. «Страхавая медыцына — гэта проста механізм. І гэта добры механізм», — падкрэсліў эксперт.
Сярод ягоных прапановаў, якія ў далейшым будуць больш шырока абмяркоўвацца ў арганізацыі і зацвярджацца радай у якасці праграмнага дакумента: павелічэнне фінансавання медыцыны і празрыстасці сістэмы, лібералізацыя рынку, удзел беларускіх медыкаў у міжнародных адукацыйных праграмах.
«На першым этапе рэформы трэба правесці лібералізацыю медычнага рынку, істотна спрасціць і палепшыць умовы для вядзення медычнага прыватнага бізнесу, усталяваць сапраўды роўныя правы для прыватных і дзяржаўных установаў аховы здароўя. Праведзеныя мерапрыемствы дазволяць лекарам ствараць свае кабінеты, далучацца да новаствораных медычных цэнтраў і свабодна канкураваць на рынку паслуг», — адзначыў эксперт у дакуменце.
«Сёння сістэма аховы здароўя ўскладае на лекараў і медыцынскі персанал неўласцівыя ім функцыі», — пракаментаваў вынікі круглага стала старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
У прыватнасці, замест таго, каб сканцэнтравацца на лекаванні хваробаў вымушаныя весці шмат непатрэбнай папяровай працы.
Палітык таксама падтрымаў ідэю пераходу да страхавой медыцыны: «яна дазволіць не распыляцца на неэфектыўныя расходы, а канцэнтравацца на прынцыпе «пацыент прыносіць з сабой грошы».
