Пра першыя школьныя дні беларускага класа, якому першы год прыйдзецца вучыцца па-беларуску пакуль што ў дзіцячым садочку, расказвае гераічная мама трох беларускамоўных дачок і сябра Руху "За Свабоду" Таццяна Малашчанка. За навучанне па-беларуску яна змагалася за ўсіх траіх:
– Уражанняў вельмі шмат, канешне ж. Настаўніцу далі вельмі добрую, як сказаў дырэктар – лепшую. Дадаткова з беларускай філалогіяй да той, што дазваляе працаваць у малодшых класах. Плюс тое, што яна добрая і падабаецца дзецям. Настаўніцу ангельскай мовы таксама далі тую, што добра валодае беларускай мовай, лепшую настаўніцу.
Паводле Таццяны Малашчанкі, што тычыцца метаду распаўсюджвання беларускіх класаў, ён толькі адзін: зрабіць класы ў добрых школах, з добрымі настаўнікамі і ўмовамі навучання. Набіраць туды дзяцей штогод і не ставіць бацькам умоў. І гэтыя класы будуць існаваць і напаўняцца дзецьмі.
