

Арганізатары запланавалі на гэты дзень канцэрт, пляцоўкі рамеснікаў, майстар-класы і фотазоны. У аргкамітэт па правядзенні свята на сёння аб’ядналіся 16 мясцовых арганізацыяў і ініцыятываў.
Заяўку ў гарвыканкам сёння перадаў кіраўнік абласной структуры Партыі БНФ, сябра Руху «За Свабоду» Дзмітрый Шыманскі.
«Круглая дата, 100 год з дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі настройвае на святочны лад. І мы рыхтуем сапраўднае свята — канцэрт, розыгрышы прызоў ад нашых партнёраў, знаёмства з беларускімі рамеснікамі і грамадскімі арганізацыямі, мора пазітыву і святочнай сімволікі», — паведаміў Шыманскі.
Напярэдадні падачы заяўкі былі праведзеныя перамовы з брэсцкімі ўладамі, пад час якіх былі заключаныя папярэднія дамоўленасці наконт пляцоўкі, а таксама арэнды гукаўзмацняльнай апаратуры, правядзення прыборкі і атрымання паслугаў камунальшчыкаў і хуткай дапамогі за кошт горада, распавёў абласны каардынатар Руху «За Свабоду», адзін з заяўнікаў Юрый Казакевіч.
«Ад Дня Волі я ў гэтым годзе чакаю галоўнага: аб’яднання людзей, якім не абыякавая ідэя незалежнасці Беларусі, для якіх важная ідэя беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці», — адзначыў Казакевіч.
Абласны каардынатар Руху лічыць у гэтым годзе самай важнай задачай падцягнуць да дэмакратычных сілаў тых, «хто яшчэ не з намі, але маральна да гэтага гатовы».
Сярод заяўнікаў фэсту ў Брэсце актывісты Руху «За Свабоду», Партыі БНФ, Партыі АГП, БСДП (Грамада).
