– Запрашэнне прыйшло раніцай. І мы былі на афіцыйнай сустрэчы, дзе атрымалі рашэнне пра дазвол у правядзенні мерапрыемства. Трэба сказаць, што Менгарвыканкам спрацаваў даволі аператыўна. Усе дамоўленасці, якія прагаворваліся падчас папярэдніх сустрэчаў, былі выкананыя. Ёсць дазвол на мітынг і святочны канцэрт на пляцоўцы ля Опернага тэатра. Я ацэньваю гэта як станоўчае рашэнне, якое азначае, што свята на 25 сакавіка павінна адбыцца.
РР: Хто будзе арганізоўваць канцэрт? Бо ў Беларусі яшчэ існуюць спісы забароненых артыстаў.
Губарэвіч: Ніякай забароны на ўдзел музыкаў у гэтым канцэрце быць не павінна. Бо арганізатарамі з’яўляюцца тыя пяць афіцыйна зарэгістраваных структураў, якія падалі заяўку. Яны ўжо думаюць пра тое, хто будзе выступаць, паслядоўнасць выступаў і так далей.
Адзінае, што было абумоўлена ў рашэнні, што тэматыка мерапрыемства павінна адпавядаць заяўцы. І ў нас ёсць абсалютнае паразуменне, як гэта павінна адбывацца. Тое, што адбылося, можна расцаніць як станоўчы крок з боку афіцыйных уладаў у бок той часткі грамадства, якая ганарыцца сваёй гісторыяй, памятае пра шматгадовую беларускую дзяржаўнасць. Гэты крок быў зроблены, і мы мусілі яго вітаць.
Спадзяюся, што будуць і наступныя крокі ў плане вяртання да сапраўдных вытокаў беларускай дзяржаўнасці, да развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і мовы.
РР: 25 сакавіка будзе свята. І гэта не будзе пратэст.
Губарэвіч: Так, гэта будзе свята. І гэта кансэнсуснае рашэнне ўсяго аргкамітэта.
Пачатак мітынга-канцэрта а 14-й гадзіне, збор ля Опернага тэатру — а 13-й. Завяршэнне плануецца а 19-й гадзіне. Мерапрыемства пройдзе пад лозунгам «Свята незалежнасці».
Гутарыў Улад Грынеўскі
