«Паступіла інфармацыя, што на ўчастку №8 зафіксаваная вялікая розніца паміж афіцыйнай яўкай, і дадзенымі назіральнікаў – 188 выбарцаў. Мы вырашылі з яшчэ адной даверанай асобай Губарэвіча Вячаслава Жукоўскага, прыехаць на ўчастак, каб зразумець, як такая разбежка можа быць», - распавёў Славінскі.
Выбарчай камісіі падалося, што Алесь Славінскі і яшчэ адна давераная асоба Губарэвіча Вячаслаў Жукоўскі вялі здымкі на ўчастку. Доказаў гэтага ў выбаркаму не было, таму старшыня Сяргей Борозна выклікаў міліцыянера. Той запатрабаваў паказаць тэлефоны абодвух. Славінскі адмовіўся гэта рабіць, у выніку супрацоўнік міліцыі палічыў магчымым затрымаць давераную асобу ў будынку Сурганава, 28, а таксама пагражаў апрануць кайданкі.
Пры чым, у гэты час міліцыянт, старшы лейтэнант Ігар Сляпцоў беспадстаўна абражаў Алеся Славінскага, а таксама доўгі час адмаўляўся прадстаўляцца (маецца аўдыёзапіс, урывак з якога можна праслухаць). У выніку актывіст Руху "За Свабоду" быў вымушаны выклікаць нарад міліцыі.
«Я падаў заяву на правядзенне службовай праверкі Сляпцова і законнасці ягоных дзеянняў. Лічу, што міліцыянт беспадстаўна і незаконна абмежаваў маю свабоду на працяглы час, абражаў мяне ва ўжыванні наркатычных сродкаў і выказваў незразумелыя патрабаванні атрымання доступу да маіх асабістых дадзеных у тэлефоне. На мае прапановы паводзіць сябе прыстойна, ён не рэагаваў», - падкрэсліў Алесь Славінскі.
«Чым бліжэй да даты “выбараў“ тым больш нервовыя паводзіны ў фальсіфікатараў і тых, хто іх пакрывае. Яны разумеюць, што парушаюць закон, ідучы на фальсіфікацыю яўкі выбаршчыкаў і абмяжоўваючы правы назіральнікаў, але не выканаць патрабаванне зверху не могуць. Незаконнае затрыманне даверанай асобы кандыдата - чарговая ілюстрацыя адсутнасці дэмакратычнай і свабоднай атмасферы ў часе бягучай выбарчай кампаніі», - пракаментаваў інцыдэнт старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
