Сустрэча пачалася з імправізаванай пераклічкі. Напярэдадні Юрый Губарэвіч запрасіў прыйсці гарадскіх чыноўнікаў, у прыватнасці кіраўнікоў Мінска і Першамайскай адміністрацыі, а таксама дырэктара фірмы-забудоўшчыка. Аднак ніхто з іх да жыхароў Акадэмічнай акругі так і не дайшоў. Тым не меней, прадстаўнікі ўладаў былі — некалькі жанчынаў, якія справабавалі перавесці размову з вострых тэмаў на нязначныя для большасці выбарцаў пытанні.
Жыхары, наадварот, праявілі зацікаўленасць у размове, прыйшло ля 40 чалавек, якія актыўна ўдзельнічалі, задавалі пытанні і выносілі прапановы.
«Чыноўнікі — гэта нанятыя людзі, якія павінны клапаціцца, каб нам было ўтульна жыць, — адзначыў Губарэвіч.— Але яны нясуць адказнасць перад тымі, хто іх прызначыў, а не перад жыхарамі горада».
Юрый Губарэвіч нагадаў пра ўшчыльняльную будоўлю бізнес-цэнтра ў дварах Талбухіна/Незалежнасці, а таксама Калініна, у парку Чалюскінцаў, вырубкай дрэваў на Калініна.
«Сістэму дзяржаўнага кіравання ў Беларусі трэба мяняць пад корань. Змагацца можна з канкрэтнай праблемай, але да таго часу, як дэпутаты будуць прызначацца, а не абірацца, нічога не зменіцца», — упэўнены старшыня Руху «За Свабоду».
Абмеркаванне вялося пераважна па тэме будаўніцтва адмінбудынка па адрасе Незалежнасці 93б. Юрый Губарэвіч прапанаваў запатрабаваць спынення будаўніцтва і любых дзеянняў на аб’екце да моманту атрымання жыхарамі праекта дэталёвага планавання раёна, паўнавартаснага заключэння з Міністэрства культуры і экалагічнай экспертызы аб’екта. Гэтыя пункты жыхары падтрымалі, большасць удзельнікаў прагаласавала «за».
Адна з прапановаў ад мясцовых жыхароў — правядзенне інфармацыйнага пікету ля адміністрацыі Першамайскага раёна ў межах кампаніі кандыдата ў дэпутаты Юрыя Губарэвіча. Акцыя прызначаная на заўтра, 13 лютага, на 14.30.
