Прэмія была заснаваная Радай Руху «За Свабоду» ў снежні 2016 года ў памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Віктара Сырыцу. У мінулым годзе лаўрэатам стала Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў за арганізацыю музычнага фэста у гонар Яна Чачота. Лонг-ліст прэміі ў гэтым годзе збіралі да 1 лютага, удзел у фармаванні шорт-ліста прыняло кіраўніцтва арганізацыі і адказная за арганізацыю прэміі.
У шорт-ліст за 2017 год увайшлі:
Вольга Дамаскіна (за арганізацыю сустрэчаў у межах праекта папулярызацыі беларускай мовы «Жывая Мова»).
Валер Мінец, Вітольд Ашурак і іншыя асобы (за рэканструкцыю і добраўпарадкаванне месца пахавання паўстанцаў 1863 г., усталяванне памятнага каменю «Невядомым паўстанцам 1863 г.»).
Зміцер Юркевіч (за арганізацыю мастацка-гістарычнага фестывалю «Дах» пад Баранавічам дзеля аднаўленне памяці пра Тадэвуша Рэйтана).
Андрэй Юркоў (за арганізацыю і правядзення Дня Волі ў Горках: раздача паштовак студэнтам і добраўпарадкаванне магілы студэнта, удзельніка паўстання 1863 года, Войцеха Дамарацкага).
Яўген Меркіс (за арганізацыю адукацыйна-асветніцкага праекту KRAJAVID, які мае на мэце стварэнне відэа па гісторыі, культуры і адметнасцях нашага краю).
Ігар Случак (за кампанію па прасоўванні ўжывання беларускай мовы ў разнастайных сферах дзейнасці дзяржавы і грамадства «Справаводства па-беларуску»).
Юрый Палонскі (за арганізацыю рыцарскага фестывалю «Гонар продкаў» у Вілейцы з рыцарскімі баямі клубаў з розных рэгіёнаў і ўдзелам рамеснікаў).
«На конкурс у гэтым годзе паступілі 23 прапановы. Цешыць, што заявак нават болей, чым у мінулым годзе. Гэта паказчык таго, што актыўнасць у рэгіёнах не зніжаецца», — пракаментаваў хаду выбараў намінантаў прэміі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, у гэтым годзе арганізацыя праводзіць не толькі галасаванне сярод сябраў Рады, але і т.зв. грамадскае, у якім можа прыняць удзел любы ахвотны. Адное «але», грамадскае галасаванне будзе мець кансультацыйны характар.
Усе ахвотныя могуць аддаць свае галасы за лепшую ініцыятыву, запоўніўшы форму: http://bit.ly/syryca2017
«Прэміяй мы намагаемся прыцягнуць увагу да дзейнасці рэгіянальных актывістаў па папулярызацыі беларускай мовы, нацыянальнаму адраджэнню. Яна часцяком не заўважная па-за межамі іх рэгіёнаў, але гэта не змяншае яе значнасці», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду», дадаўшы, што менавіта такой рэгіянальнай працай усё жыццё займаўся сам Віктар Сырыца.
