Лесгас высякае здаровы лес пад выглядам хворага, упэўнены Уладзімір Рылка.
«Справа пачалася больш за паўгады таму: у нас вырэзвалі здаровыя лясы, потым мы пачалі па маёй ініцыятыве вайну супраць мясцовага лясгаса. Пісалі звароты, у тым ліку у міністэрства лясной гаспадаркі і прыроды», — распавёў сайту Pyx.by сябра Руху.
Па ягоных словах, па выніку было прынятае рашэнне на карысць мясцовых жыхароў, з красавіка прыпынілі высечку. Але потым зноў аднавілі з матывіроўкай, што ідзе так званая барацьба з караедам.
«Так, сапраўды, дрэвы сохнуць, гэта так. Але яны (мясцовы лясгас), чамусьці ваюе не з караедам і сухімі дрэвамі, а спілоўвае здаровыя дрэвы, а сухія як стаялі, так і стаяць. Калі я звярнуўся да аднаго з ляснікоў, спытаў яго, што адбываецца? Мне даў ён такі адказ,— мы пілім толькі хворы і сухія. Калі я правёў сваю экспертызу, то выявілася ўсё наадварот», — патлумачыў актывіст Руху «За Свабоду».
Па ягоных словах, супрацоўнікі лясгасу выкарыстоўваюць наступную схему: на 95% рубяць здаровы лес, але абавязкова трохі сухога, каб была падстава для працягу высечкі.
«Сухія дрэвы стаяць, некаторыя болей года, не піляць, пакідаюць, каб была падстава пілаваць», — дадаў Рылка.
Плюс, дадаў ён, рубілі дрэвы ўзростам ад 10 да 50 гадоў а павінны ад 60 і старэй.
Адказнай за гэтую сітуацыю актывіст называе кіраўніцу мясцовага лясгасу.
Звароты мясцовых жыхароў атрымалі рэакцыю ад чыноўнікаў: у раён прыехала праверка КДК, якая паўтары месяцы будзе шукаць карупцыю.
«Правялі сход мясцовых жыхароў. Ён быў паказушны. Але я потым трапіў на асабісты прыём да кіраўніка КДК па Брэсцкай вобласці Алега Данілава. Нашых жыхароў запужвалі па пытанні з лесам, таму на гэты прыём пайшлі толькі пяць чалавек», — распавёў Уладзімір.
Па словах актывісту Руху, Данілаў прызнаў існаванне карупцыі і заявіў пра 1,5 месяцы раследвання.
«Яны прыехалі па адным з нашых зваротаў у дзяржкантроль па лесу. Усяго іх было чатыры», — адзначыў Уладзімір Рылка.
Данілаў пры гэтым заявіў, што упершыню сутыкаецца з тым, каб людзі так цвёрда за лес стаялі.
«Цяпер ёсць надзея, што сітуацыя будзе выпраўленая», — заключыў Уладзімір Рылка.
