Следчы камітэт сёння выступіў з заявай пра спыненне «справы патрыётаў». Зараз дакументы накіраваныя ў пракуратуру, якая павінная ацаніць законнасць такога рашэння.
«Справа была шытыя белымі ніткамі, яе фігуранты патрапілі пад раздачу, калі ўладам трэба было стварыць атмасферу страху на фоне падзеяў вясны 2017 году», — адзначыў Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, калі такая неабходнасць знікла, яны проста ціха закрылі справу.
«У гэтай сітуацыі першае, што павінны зрабіць улады прынесці прабачэнні. А тыя, хто адсядзеў ў турме нават непрацяглы тэрмін, маюць права на фінансавую кампенсацыю, але ўменне прызнаваць свае памылкі не з’яўляецца моцным бокам нашых уладаў», — дадаў Губарэвіч.
Палітык падкрэсліў, што чым бы не сканчаліся падобныя «інцыдэнты», на іх павінна быць жорсткая рэакцыя як з боку беларускай грамадскасці, так і міжнароднай супольнасці.
Адзін з фігурантаў справы, сябра Руху Сяргей Стрыбульскі адзначыў, што афіцыйнага пацвержання спынення справы яны пакуль не атрымалі. «Пра ўсё даведаліся з навінаў. Дакументы па справе перададзеныя ў пракуратуру, якая будзе даваць заключэнне дзеянням Следчага камітэта. І не забываемся, што можна распачаць справы па асобных людзях па надуманых матывах», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».
