
Угодкі Слуцкага збройнага чыну кадзначылі 25 лістапада. Сярод заяўнікаў мерапрыемства былі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрый Меляшкевіч, сябра Сойму Партыі БНФ Павел Батуеў і сябра Рады Руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская. Слуцкія ўлады скарацілі шэсце і прыбралі яго з галоўнай вуліцы горада.

Па дарозе на Слуцк удзельнікі з Мінска ўдзельнікі заязджалі ў вёскі, звязаныя з Слуцкім збойным чынам — Грозава і Семежава. Пад час кароткіх выступаў ля крыжоў і ўскладання кветак да ўдзельнікаў падыходзілі супрацоўнікі мясцовай міліцыі, папярэджвалі пра несанкцыяванае мерапрыемства і прасілі згарнуць сцягі. Яны здымалі ўдзельнікаў на смартфоны.

«Слуцкае паўстанне — слаўная падзея ў нашай гісторыі, гэтай падзеяй трэба ганарыцца», — адзначыў пад час шэсця ў Слуцку абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч.
Ён звязаў змену маршруту ў гэтым годзе з тым, што мясцовым уладам не спадабалася тое, што адбывалася ў мінулым годзе, і яны «вырашылі схаваць і шэсце, і бел-чырвона-белыя сцягі з галоўнай вуліцы гораду».
«Слуцкія паўстанцы сталі для нас прыкладам змагання за свабоду і любові да бацькаўшчыны, — адзначыла адна з заяўнікоў, сябра Рады Руху „За Свабоду“ Вольга Быкоўская. — У будучыні гадавіна Слуцкага збройнага чыну будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні. А сёння мы павінны памятаць пра тое, што свабода і незалежнасць даліся Беларусі не проста так».
У завяршэнні мітынгу ўдзельнікі заспявалі гімн Магутны Божа.
Рух «За Свабоду» вёў анлайн-трансляцыю мерапрыемства.
