Сярод заяўнікаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрый Меляшкевіч, сябра Сойму Партыі БНФ Павел Батуеў і сябра Рады Руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская.
Збор удзельнікаў плануецца ў 14:30 каля кінатэатра «Беларусь» у Слуцку, дэманстрацыя ды мітынг у гарадскім парку. Перад гэтым удзельнікі мерапрыемстваў з Мінску традыцыйна наведаюць навакольныя вёскі Грозаў, Семежава ды Чырвоная Слабада (Вызна), дзе ўшануюць памяць паўстанцаў.
Старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч заявіў з нагоды запланаваных мерапрыемстваў:
«Для нас Слуцкі Збройны Чын — гэта перад усім змаганне за свабоду. Ён заклаў фундамент для таго, каб беларусы маглі будаваць годнае, самастойнае жыццё без загадаў з Усходу ці Захаду. А для сучаснай моладзі падзеі, якія адбыліся 97 год таму, павінны стаць доказам каштоўнасці беларускай незалежнасці, разбурыць міф пра тое, што яна звалілася з неба, паказаць, што дзеля незалежнай Беларусі працавалі і аддавалі свае жыцці шмат пакаленняў нашых суайчыннікаў».
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў:
«Мы кожны год ушаноўваем памяць герояў Случчыны. Яны мужна, дабраахвотна пайшлі ваяваць за незалежную Беларусь, за тое, каб беларусы жылі годна і заможна ды былі сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі і мелі сваю дзяржаву. І ўшаваньне іх подзвігу мусіць ня толькі натхняць цяперашнія пакаленні беларусаў ды ўмацоўваць нашую нацыянальную годнасць, але й нагадваць любым патэнцыйным агрэсарам, што беларусы здольныя і будуць бараніць сваю краіну».
Адказ Слуцкі райваканкам паводле закону павінны даць не пазней за пяць дзён да планаванага мерапрыемства. У мінулым годзе заяўка на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу ў Слуцку была задаволеная і мерапрыемствы адбыліся без перашкодаў.
На месцы традыцыйна мерапрыемства будзе каардынаваць Мінскі абласны каардынатар Руху "За Свабоду" Віталь Амяльковіч.
