

«Шостая парламенцкая асамблея «Еўранэсту» адбываецца без удзелу дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі, бо вынікі парламенцкіх выбараў не прызнаюцца Еўрапейскім саюзам. У гэтай сітуацыі для апазіцыі гэта добрая магчымасць данесці сваё меркаванне еўрапейскім партнерам», - патлумачыў сайту Pyx.by Губарэвіч.
У межах «Еўранэсту» адбылося паседжанне працоўнай групы па Беларусі. Там паднялі тры галоўныя тэмы: ваенныя вучэнні «Захад-2017», адносіны Беларусі і ЕС напярэдадні саміта «Еўрапейскага партнерства» і падрыхтоўку да мясцовых выбараў.
У працы групы беларускі бок прадстаўлялі апазіцыйныя палітыкі. А ў абмеркаванні адносінаў Беларусь-ЕС у прыватнасці ўдзельнічалі кіраўніца Дэлегацыі ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын і Дырэктар дэпартаменту Усходняга суседства Гендырэктарата Еўракамісіі па пытаннях суседства і пашырэння ЕС Лоўрэнс Мерыдыт.
«Адметнасцю гэтага «Еўранэсту» было затрыманне ў Мінску Мікалая Статкевіча, які мусіў быць адным з удзельнікаў. З боку беларускіх уладаў – гэта пальчатка, кінутая ў бок еўрапейцаў, паказчык таго, што рэжым прынцыпова не збіраецца мяняцца, для яго гэта важней за атрыманне нейкіх прэферэнцыяў з боку ЕС», - адзначыў Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, рэжым разумее, што зараз на першы план выходзіць зацікаўленасць у рэгіянальнай бяспецы, а не пытанні дэмакратычных пераменаў.
