«Раз на месяц я прыязджаю ў Мінск, каб падаць справаздачы ў галоўны офіс. Дык на гэты раз мяне спынілі яшчэ ў калідоры пытаннем: „Вы той самы Батуеў?“ Я падумаў, што можа бачылі маё інтэрв’ю па Ямалу. Аднак аказалася, што начальству прыйшлі дзве ананімкі адносна мяне.
Потым гэта самае пацвердзіў галоўны інжынер, але не даў паглядзець гэтыя анінімкі. Яны напісаныя з нейкіх „ліпавых“ акаўнтаў, без зваротнай сувязі. Начальнік сказаў, што па працы да мяне пытанняў няма, а чым я займаюся ў вольны час — гэта не ягоная справа.
Абурэнне ананімнага аўтара выклікала, што я сябра „сейма“ БНФ, пісаў нешта пра сустрэчу з паслом Францыі, які прыязджаў у Салігорск дзесьці месяц таму. Скінулі начальству ўсе мае профілі ў сацыяльных сетках — фэйсбуку, укантакце, аднакласніках», — расказвае Батуеў.
Як кажа мужчына, цяпер ён абслугоўвае каля 40% усіх ліфтаў Салігорска. Усяго ў ягоным падпарадкаванні 348 ліфтаў. Па правілах карыстання ліфтаў прозвішча Батуева і ягоны тэлефон прапісаны, як у саміх гэтых ліфтах, гэтак і на першым паверсе.
«Мо нехта са старых непрыяцеляў пабачыў гэта, таму вырашыў нашкодзіць», — расказвае Павел.
Зміцер Панкавец
