Нагадаем, Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы «Аб масавых беспарадках». Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.
Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. У верасні 2015 годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі.
— З вымушанай эміграцыі я вярнуўся два гады таму — 8 верасня 2015 году, — кажа Алесь Міхалевіч. — Але крымінальную справу па снежаньскіх падзеях 2010 году ў дачыненні да мяне да гэтага часу так і не закрылі. Я з’яўляюся абвінавачаным па справе аб масавых беспарадкаў 2010 году.
— Вы ўжо спакойна ставіцеся да такой сітуацыі?
— Даволі спакойна, бо гэта ўсё роўна лепш, чым знаходзіцца за кратамі. Нязручнасцей гэтая сітуацыя не дадае, акрамя таго, што непрыемна маральна адчуваць, што ты знаходзішся «пад крыміналам».
— Вы робіце нейкія захады, каб справа была спынена?
— Раз на год пішу хадайніцтва аб спыненні, але мне адмаўляюць. Па законе справу можна «падвесіць», і следчыя гэта зрабілі. Іншая справа, што мне адмаўляюцца паказваць для азнаямлення матэрыялы, якія ў іх ёсць.
— Думаю, пры жаданні расставіць усе кропкі над «і» следчым было б не складана...
— Відаць, следства лічыць інакш. І чаму яны так паступаюць, мне да гэтага часу не зразумела. Мабыць, прызнаць мяне невінаватым яны не хочуць, а прызнаць вінаватым не могуць у сёняшняй палітычнай сітуацыі. Таму і намаляваўся такі натуральны шлях «падвешвання» справы.
— Колькі такая сітуацыя можа працягвацца?
— Тэрмін даўніны па справе можа працягвацца, калі не памыляюся, дзесяць гадоў. Таму гадоў на сем яна яшчэ можа зацягнуцца.
