«Берасцейскі рух „За ВелаБрэст“ разам з польскім Таварыствам „За развіццё вёскі Лабачэў Дужы і яго ваколіц“ ды Гарадскім домам культуры з Тэрэспаля арганізавалі турыстычны роварны ўзаемаабмен, падчас якога беларусы арганізавалі турыстычную велавандроўку па Берасці для каля 80 чалавек з Польшчы, а потым усе разам паехалі на экскурсію да палякаў», — распавёў Скрабутан.
Падзея, па ягоных словах, «важная тым, што суседнія прыгранічныя гарады даўно чакаюць безвізавага праезду ці хаця б магчымасці перамяшчацца на ровары праз мяжу».
«Ад гэтага найперш выйграла б Берасце, бо ў адрозненне ад Гародні тут пачынае развівацца турыстычная інфраструктура, шмат магчымасцей адпачынку і цікавостак для замежных гасцей», — упэўнены сябра Руху «За Свабоду».
Плюс, дадаў Скрабутан, «для берасцейцаў з’явілася магчымасць убачыць Тэрэспаль і ваколіцы па-за „Бедронкай“, „цыгарэтчыкамі“ і пунктам абмену валютаў: мы пазнаёміліся са звычайнымі людзьмі, каторыя шмат працуюць для свайго рэгіёну і супольнымі намаганнямі стараюцца яго адкрыць для гасцей».
«Пасля двухдзённай велавандроўкі з’явілася шмат новых кантактаў, незабыўных уражанняў і надзея, што вельмі хутка такія паездкі перастануць быць святочным выключэннем для нашага трансгранічнага рэгіёну», — заключыў актывіст Руху.




фота Stowarzyszenie na rzecz rozwoju miejscowości Łobaczew Duży i okolic
