«Выхад на адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі – гэта паэтапная праца і мы стаім зусім блізка да супольнага рашэння. Мы перайшлі ў межах правацэнтрысцкай кааліцыі ў рэжым кансультацыяў», - адзначыў Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, апазіцыя не здольная правесці паспяховую кампанію, калі не аб'яднаецца вакол адной фігуры на прэзідэнцкіх выбарах, таму ёсць спадзеў і на адзінага дэмакратычнага кандыдата. Гэта ж паказалі і вынікі мінулых выбараў: «кандыдаты, якія ішлі ад асобных палітычных сілаў, не маглі нават сабраць дастатковую колькасць подпісаў» - нагадаў старшыня Руху.
«Тыя адказныя сілы, якія гэта разумеюць, будуць разам з намі», - заключыў Губарэвіч.
Падтрымалі старшыню Руху «За Свабоду» і калегі па правацэнтрысцкай кааліцыі. Сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі нагадаў, што рашэнне пра адзінага кандыдата ад кааліцыі было прынятае ў момант яе стварэння. Старшыня Партыі АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што кандыдат ад кааліцыі будзе адзіным, але спрагназаваць, ці атрымаецца дамовіцца ўсёй апазіцыі, пакуль складана.
