Адзін з арганізатараў Дня вышыванкі, абласны каардынатар Руху "За Свабоду" Юрый Казакевіч адзначыў:
— Мы хацелі аб’яднаць людзей, неабыякавых да Беларусі, да яе традыцый і мовы.
На мерапрыемства прыехалі прыхільнікі беларускіх традыцый з іншых гарадоў — Мінска, Пінска, Брэста і Бярозаўкі. Амаль усе прысутныя былі апрануты ў нацыянальныя касцюмы. З прывітальным словам выступіў баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар. Жыхары і госці нашага горада адказвалі на пытанні віктарыны пра Беларусь і Баранавічы, а за правільныя адказы атрымлівалі сувеніры з нацыянальнай сімволікай.
Падчас свята выступіў бард Зміцер Захарэвіч, ён выканаў свае песні на беларускай мове, Інга Стромская і актывіст Руху "За Свабоду" Вітольд Ашурак прадэкламавалі вершы.
Агульнае ўражанне псавала толькі надвор’е, таму ўдзельнікаў было няшмат. Арганізатары хацелі зрабіць невялікае музычнае прадстаўленне дзіцячых калектываў, але з-за непагадзі вырашылі, што правільней будзе не прыцягваць дзяцей.
Напрыканцы мерапрыемства выступіў Юрый Казакевіч са словамі падзякі да ўсіх удзельнікаў.
