«На кампутарах нічога не знайшлі, таму тэхніку вярнулі. Патэлефанаваў участковы, папрасіў выйсці ва двор, пад’ехала машына, аддалі, папрасілі распісацца, што прэтэнзіяў не маю. Запытаўся, ці знайшлі нешта. Не, кажуць», — распавёў сайту Pyx.by Ігар Салавей.
Потым ён, па ягоных словах, атрымаў афіцыйны ліст з ГАУСа, дзе паведамілі, што прэтэнзіяў да яго не маюць.
Як лічыць Салавей, тэхніку ў яго канфіскавалі, бо палічылі арганізатарам акцыі. «Пасля ранейшых акцый я прысутнічаў на ўсіх судах у Пінску, яны вырашылі, што я зацікаўлены, а, значыць, арганізатар», — адзначыў актывіст Руху.
Ён падкрэсліў, што «калі людзі хочуць выйсці на плошчу — не важна хто запрашае, улада, апазіцыя — гэтаму не павінны перашкаджаць». «Тым болей, калі выходзяць у Дзень працы, каб патрабаваць лепшых умоваў працы. На гэта ўвогуле няма словаў, каб апісаць», — заключыў Ігар Салавей.

