У сакавіку сябры Руху «За Свабоду» прынялі актыўны ўдзел у вулічных акцыях, у тым ліку Маршах недармаедаў і святкаванні Дня Волі ў розных рэгіёнах Беларусі, яны спазналі хвалю рэпрэсіяў, якую абрынула на грамадзянскую супольнасць улада, сказаў, выступаючы перад Радай старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
У сваю чаргу першая намесніца старшыні Галіна Скараход адсправаздачылася за міжнародныя сустрэчы і дзейнасць у межах кааліцыі, а намеснік старшыні Юрый Меляшкевіч — працу ў аргкамітэтах у межах падрыхтоўцы мінскага Марша недармаедаў і Дня Волі. Выступілі і іншыя сябры Рады.
Па выніках абмеркавання Рада прыняла рашэнне рэкамендаваць сябрам Руху і надалей прымаць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мірных акцый пратэсту, таксама праяўляць салідарнасць з тымі, хто патрапіў пад рэпрэсіі і іх сем’ямі. Акрамя таго, сябры Руху атрымалі парады па актывізацыі супрацы з новымі мясцовымі актывістамі і працягу асветніцкай дзейнасці па прапагандзе каштоўнасцяў Руху.
Юрый Губарэвіч паведаміў сябрам Рады пра неабходнасць прыцягнення дадатковых рэсурсаў для забеспячэння працы офіса, правядзення кампаній і рэалізацыі статутных мэтаў і задачаў Руху «За Свабоду». У выніку абмеркавання было вырашана, што ў бліжэйшы час Рух зробіць акцэнт на ўнутранае фінансаванне, а менавіта збор добраахвотных ахвяраванняў.
Рада падтрымала прапанову старшыні абскардзіць папярэджанне Мінюста, якое арганізацыя атрымала ў сувязі з удзелам аднаго з сябраў арганізацыі ў падачы заяўкі на святкаванне Дня Волі. На думку старшыні Руха, падставы для папярэджання пазбаўлены юрыдычнага сэнсу і яно мусіць быць абскарджана у Вярхоўным судзе.
Зараз у Руху «За Свабоду» праходзіць унутраны аўдыт, пра гэта Радзе даклалі каардынатары праекту намеснік старшыні Кірыл Стаселька і Галіна Скараход.
«Аўдыт будзе ўключаць у сабе анкетнае апытанне, інтэрв’ю з рэгіянальнымі каардынатарамі і прадстаўнікамі СМІ, а таксама фокус-групы з актывістамі Руху „За Свабоду“. Гэтае даследванне дапаможа нам зрабіць дзейнасць больш эфектыўнай у тым ліку ў межах стратэгічнага планавання», — адзначыў Стаселька.
Руху «За Свабоду» варта падтрымаць затрыманых «па справе патрыётаў», адзначыў сябра Рады Арцём Лява. Ён прапанаваў падаць заяўкі на правядзенне пікетаў з патрабаваннем вызвалення актывістаў. Рада падтрымала ідэю, прызначыўшы Ляву каардынатарам ініцыятывы.
На Радзе Руху ў шэрагі арганізацыі былі прынятыя новыя 17 сябраў.
