14 сакавіка Ленінскі раённы суд Берасця завочна пакараў 15 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным маршы дармаедаў Сяргея Пятрухіна. Насамрэч, блогер асвятляў акцыю, але міліцыянт паказаў, што ён правакаваў людзей. На суд тады Пятрухін не з’явіўся, бо з’ехаў у працоўную камандзіроўку.
«Сяргея затрымалі памежнікі адразу пасля пашпартнага кантролю. Усё было вельмі спакойна і па плане», — распавёў сайту Pyx.by суаўтар «Народнага рэпарцёра» і сябра Сяргея Пятрухіна Зміцер Гарбуноў.
Куды даставілі блогера, пакуль невядома: магчыма, адразу ў ІЧУ, бо рашэнне па ягонай справе ёсць. Ёсць верагоднасць, што ён пераначуе ў памежнікаў, бо ўмовы ў іх для гэтага ёсць, дадаў Гарбуноў.
Па ягоных словах, яны загадзя абмеркавалі, што можа з сабой ўзяць Сяргей, бо яго чакае арышт 15 сутак.
«Сяргей Пятрухін вярнуўся ў Беларусь, каб удзельнічаць у судзе па позве „Дынама“», — распавёў сайту Pyx.by каардынатар Руху «За Свабоду» па Брэсце Дзяніс Турчаняк.
Яны разам з Пятрухінам з’яўляюцца адказчыкамі па позве «Дынама» за відэасюжэт, у якім раскрываюць ценявыя схемы пры выдзяленні ўчастка ў цэнтры Брэста. Суд адбудзецца 26 красавіка ў 14.10.
«Сяргей хацеў асабіста прыняць удзел у паседжанні, але пакуль невядома, ці будзе ён дастаўлены на яго», — дадаў Турчаняк.
Як раней патлумачыў сайту Pyx.by сам Сяргей Пятрухін, ад сённяшняга дня ён распачынае перадвыбарную кампанію на мясцовых выбарах.
Блогер вядомы сваім ютуб-каналом «Народны рэпарцёр», дзе выкрывае карупцыю і ўздымае вострыя сацыяльныя праблемы.
