«Размова была дастаткова адкрытая. Кіраўнік аддзела па двухбаковых зносінах з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель распавёў пра сустрэчы з гэтыя дні. Ён пацвердзіў, што ЕС займае дастаткова жорсткую пазіцыю па апошніх падзеях у Беларусі, і прадстаўнікі дэлегацыі заяўлялі пра гэта на ўсіх сустрэчах з уладамі», — распавёў сайту Pyx.by Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, для Еўрасаюза непрымальныя тыя антыдэмакратычныя дзеянні, якія прадэманстравалі беларускія ўлады, афіцыйная пазіцыя — усе затрыманыя павінныя быць вызваленыя
«Калі сітуацыя не будзе вырашаная ці антыдэмакратычныя дзеянні паўторацца, варта чакаць больш жорсткай рэакцыі, стасункі з афіцыйным Мінскам будуць згортвацца», — адзначыў Губарэвіч.
У сваю чаргу беларускія палітыкі давялі да прадстаўнікоў ЕС сітуацыю па рэпрэсіях, грамадскіх настроях у Беларусі, падкрэслілі мірны характар акцыяў пратэсту апошніх месяцаў.
«За 23 гады праўлення рэжым Лукашэнкі завёў краіну ў тупік, заціснуў яе паміж двух камянёў. З аднаго боку праблемы ў адносінах з Расіяй, якая перастала даваць дармовыя датацыі. Яна патрабуе саступак, якія могуць прывесці да страты нашай незалежнасці і кантролю Лукашэнкі над краінай. А яго турбуе не столькі перспектыва згубы суверэнітэту, колькі менавіта асабістай улады», — сказаў дэлегацыі Губарэвіч.
Ён падкрэсліў, што без эканамічных рэформаў немагчыма вырашыць праблемы ўнутры Беларусі. «Нават калі ўлады паспрабуюць пасадзіць найбольш актыўных удзельнікаў акцый пратэсту, пачаць рэпрэсіі супраць кіраўніцтва апазіцыі і актывістаў, то гэта не пазбавіць ад праблемаў у эканоміцы, і падставы для пратэстаў захаваюцца», — адзначыў старшыня Руху.
«Еўрасаюз можа прапанаваць альтэрнатыўны шлях эканамічных і палітычных рэформаў для Беларусі, можа быць, падтрымаўшы іх фінансава. Але гэтыя змены павінны быць незваротнымі і прывесці да пашырэння прасторы дэмакратыі і ўзмацнення незалежнасці, вяртання рэальнай улады народу», — заключыў Юрый Губарэвіч.
У сустрэчы акрамя старшыні Руху «За Свабоду» з беларускага боку таксама прынялі ўдзел старшыня партыі АГП Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, жонка грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча Наста, палітык Уладзімір Някляеў.
Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў Томас Маер-Хартынг, выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў.
