Увечары 24 сакавіка ў Слуцку людзі ў цывільным затрымалі каардынатара Руху «За Свабоду» па Мінскай вобласці Віталя Амяльковіча. Праз двое сутак ён быў вызвалены да суда.
«Мы ехалі ў бок дома Віталя ў вечар яго затрымання, калі дарогу перагарадзілі супрацоўнікі ДАІ. Яны прапанавалі мне праехаць у пастарунак», — распавяла сайту Pyx.by Юлія Балакір. Актывістка Руху «За Свабоду» адзначыла, што яна працуе таксісткай, таму гэтая машына — адзіны сродак для існавання і заробку.
Па яе словах, у якасці прычыны ёй указалі на хібы машыны. А ўжо ў пастарунку на размове з ёй прысутнічала кіраўніцтва міліцыі горада. Муж Юліі Балакір прыехаў у Слуцкі РАУС даведацца, што з жонкай. З ім недзе апоўначы правялі прафілактычную гутарку «пра недапушчальнасць удзелу ў масавых мерапрыемствах».
Потым было прынятае рашэнне адагнаць машыну на штрафстаянку для правядзення нумароў кузава, бо ўзніклі падазрэнні, ці не знаходзіцца яна ва ўгоне.
«ДАІ-шнікі пры гэтым мне сказалі, што ведаюць, што ўсё нармальна, але такі загад», — прыгадала Балакір.
Па яе словах, потым ёй у міліцыі паведамілі, што будуць правяраць, ці не ва ўгоне машына. У выніку аўтамабіль да гэтага часу на штрафстаянцы, экспертыза прызначаная на 30 сакавіка.
«Безумоўна, гэта справа мае палітычны падтэкст. Юлія і Дзяніс Балакіры ўжо неаднаразова траплялі пад ціск мясцовай улады і міліцыі. Дадзеную сітуацыю я разглядаю ў тым ліку і як помсту слуцкай міліцыі Юліі, якая зусім нядаўна дамаглася праз суд ад той жа слуцкай міліцыі пераразгляду сваёй справы і вяртання сабе правоў кіроўцы», — пракаментаваў сітуацыю абласны каардынатар Руху Віталь Амяльковіч.
