Міліцыя правяла вобшукі дома ў бацькоў каардынатара Руху «За Свабоду» у Гродзенскай вобласці Вадзіма Левон. Сілавікі канфіскавалі дакументы і затрымалі самога Левон. Раней абласны каардынатар заявіў пра ціск і запужванні з боку КДБ.
«Пад час канфіскацыі папераў мне паказалі паперку, дзе была скарга кагосьці на тое, што я распаўсюджваў улёткі», - распавёў Вадзім Левон.
Па ягоных словах, ён прымусіў міліцыянтаў і супрацоўнікаў КДБ пералічыць усе канфіскаваныя паперы, але газеты яны ўлічваць ужо не сталі, як і ўлёткі пра паводзіны з міліцыяй пад час затрымання. Дакументацыя заняла ўвесь вялікі кабінет.
«Сілавікі не маглі вызначыцца, ці я затрыманы, ці не. Я кажу, мне зраніцы на працу. Адзін крычыць: «Ты затрыманы!» Другі: «Ты не затрыманы!». Я кажу: «Я піць хачу, на вольнае паветра хачу»», - распавёў Левон. Па ягоных словах, ад яго пры гэтым патрабавалі выключыць тэлефон, дастаць SIM-картку, спрабавалі адабраць апарат, хапалі за куртку.
У выніку быў аформлены пратакол пра ягонае затрыманне, дзе было ўказана, што ў 18.00 ён быў затрыманы, у 2.00 вызвалены.
«Мне паведамілі, што паперы будуць накіраваныя на экспертызу мінімум на дзесяць дзён. Адзначылі, што калі там будзе знойдзена інфармацыя супраць дзяржавы, экспертыза можа зацягнуцца. Потым будзе суд», - сказаў Левон.
Статус як абласнога каардынатара, так і самой справы пакуль невядомы.
Адзначым, што пасля некалькіх заяваў і званка на "гарачую лінію" МУС супрацоўнікі РАУС Гарадка прызналі, што дачка каардынатара Руху "За Свабоду" па Віцебскай вобласці Леаніда Гаравога знаходзіцца ў іх. На гэты момант яна вызваленая, тэхніку, якая была канфіскаваная, міліцыя пакуль не вярнула.
