«Гэтыя два чалавекі прыйшлі да мяне на працу недзе ў 16.00. Мяне папярэдзілі, што будуць „людзі з заводу“. Без пропуска ў нас нельга патрапіць на тэрыторыю прадпрыемства, таму размаўлялі за тэрыторыяй», — распавёў сайту Pyx.by Вадзім Левон.
Па ягоных словах, размова доўжылася 2 гадзіны. За гэты час невядомыя спачатку спрабавалі падкупіць, а потым запужаць абласнога каардынатара Руху.
«Цікавіліся грашыма, фінансаваннем арганізацыі, дзейнасцю ў Гродзенскай вобласці. Іх пужала што мы набіраем людзей і актыўна мабілізуемся. Папярэдзілі, што любыя дзеянні ў вобласці — пад маю адказнасць», — распавёў Левон.
Пасля таго, як ён ад супрацы адмовіўся, танальнасць размовы змянілася. «Сказалі: „Шчасця тваім дзецям, глядзі па баках, калі будзеш пераходзіць дарогу“. Пужалі, што звольняць, пасадзяць», — дадаў сябра Рады Руху «За Свабоду».
У канцы размовы яны пакінулі нумар тэлефону і далі месяц падумаць. «Другі, маладзейшы, сказаў: „Пакінь яму свой нумар тэлефону“. І той кажа: „Я табе пакідаю нумар афіцэра КДБ, надумаеш, звані“», — прыгадаў Вадзім Левон.
Абласны каардынатар пасля няўдалай спробы вярбоўкі не плануе спыняць грамадска-палітычную дзейнасць.
«КДБ на Гарадзеншчыне няўважліва слухае кіраўніка дзяржавы i шукае „ворагаў народа“ перш за усё сярод праеўрапейскiх i прабеларускiх актывiстаў. У іх свае інструкцыі, у нас свая мэта — вольная незалежная Беларусь», — пракаментаваў дзеянні гродзенскага КДБ сябра Рады Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
