Грамадзяне прасілі мясцовае начальства аб правядзенні ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе вытворчасці шклаваты, якую збіраюцца арганізаваць бліжэйшым часам у Бярозаўцы. Жыхары рэгіёну хочуць, каб, перш чым будзе прынятае канчатковае рашэнне пра будаўніцтва новага заводу, былі праведзеныя грамадскія слуханні па экалагічных аспектах праекта.
21 мая актывісты Руху «За Свабоду» на сустрэчы з новаабраным дэпутатам аблсавета і старшынёй гарвыканкама запыталі, чаму да гэтай пары ім не дасланы адказ на калектыўны зварот. Старшыня гарвыканкаму Валеры Яводзік заявіў, што адказ быў дасланы літаральна праз тыдзень пасля атрымання запыту. Няўжо ў непаразуменні грамадзянскай супольнасці і мясцовага начальства вінаватая пошта?
Кіраўнік гарвыканкама абяцаў бліжэйшым часам даслаць адказ паўторна. Актывісты абяцалі трохі пачакаць.
— Калі мы не атрымаем адказ на наш зварот цягам тыдня, будзем падаваць скаргу на невыкананне Закону «Аб Звароце грамадзян», — кажа актывіст Руху «За Свабоду» Сяргей Трафімчык.
