Працэсы прайшлі адначасова ў некалькіх гарадскіх раённых судах. Сябра Руху "За Свабоду" Уладзімір Кацора, адзін з арганізатараў акцыі супраць Дэкрэту №3 у Гомелі, быў асуджаны на 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
– Яны ведаюць, ды і я не хаваю, што з’яўляюся адным з арганізатараў мерапрыемства, якое прайшло 19-га лютага ў Гомелі. Я таксама з’яўляюся адным з заяўнікаў акцыі, якая рыхтуецца 25-га сакавіка. Заяўкі ўжо ляжаць у гарвыканкаме і аблвыканкаме.
Таму, каб гэтае мерапрыемства не адбылося, або прайшло ў меншым фармаце, такіх як я будуць ізаляваць. Гэта адбываецца па ўсёй краіне, і я не выключэнне.
17 сакавіка ў гомельскіх судах разглядалася 11 адміністрацыйных справаў у дачыненні да актыўных удзельнікаў „марша недармаедаў”, журналістаў і блогераў.
Суддзя Алеся Осіпава суда Цэнтральнага раёну аштрафавала Андрэя Макарава на 25 базавых велічыняў. Суддзя Віктар Казачок пакараў штрафам у 25 базавых велічыняў сябра АГП Мікалая Пяшко, а праваабаронцу Анатоля Паплаўнага – 10 суткамі арышту.
Блогер і сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак атрымаў адміністрацыйны арышт на 10 сутак завочна. Такі ж прысуд – 10 сутак арышту – атрымаў відэаблогер Зміцер Сабураў. Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў і прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні руху “Разам” Юры Глушакоў былі аштрафаваныя на адну базавую велічыню кожны. А юрыст незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка атрымаў папярэджанне.
