У рэзалюцыі сцвяржаецца, што «Дэкрэт N3 не адпавядае дзевяці артыкулам Канстытуцыі і міжнародным абавязкам Беларусі ў МАП», «эканамічная і сацыяльная палітыка ўладаў завяла краіну ў тупік», «улада з’яўляецца бескантрольнай і грамадзяне ніяк не ўплываюць на яе рашэнні».
«Мы, удзельнікі „Маршу нетунеядцев“, патрабуем: адмяніць Дэкрэт № 3, вярнуць спагнаны збор, прыняць новы эканамічны курс, арыентаваны на стварэнне новых, эфектыўных працоўных месцаў, а не на барацьбу з беспрацоўнымі, ліквідаваць заганы пенсійнай „рэформы“, адмяніць кантрактную сістэму, адмяніць указ 222, які перашкаджае развіццю прыватнага прадпрымальніцтва», — сказана ў рэзалюцыі.
Ёсць у дакуменце і палітычныя патрабаванні: «унесці змены ў Выбарчы Кодэкс, якія вярнуць грамадзянам права выбару».
Гэтая рэзалюцыя будзе перададзеная прадстаўнікамі ўдзельнікаў акцыяў з усёй Беларусі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, ва ўрад і ў Палату Прадстаўнікоў 16 сакавіка.
«Калі ўлады адмовяцца ад выканання дадзеных патрабаванняў, мы пакідаем за сабой права на новыя акцыі пратэсту на якіх агучанае патрабаванне аб адстаўцы А. Лукашэнкі, урада і роспуску Палаты Прадстаўнікоў», — заключылі аўтары праекта рэзалюцыі.
«Улады зразумелі, што градус незадаволенасці — дастаткова высокі, і людзі гатовыя да адкрытых вулічных пратэстаў. Проста так замяць гэтую сітуацыю не атрымаецца, і рэпрэсіі — не лепшае выйсце, яны могуць выклікаць узмацненне пратэстаў. Таму ўлады спрабуюць захаваць твар, не адмяняючы дэкрэт», — пракаментаваў праект рэзалюцыі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, патрабаванні прадстаўнікоў кампаніі застаюцца тымі ж: поўная адмена Дэкрэта № 3. «Гэты дакумент супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязацельствам Беларусі і павінны быць адменены. А тыя грошы, якія дзяржава атрымала ад грамадзянаў у ягоных межах, павінна вярнуць», — заключыў Губарэвіч.
