«Збор удзельнікаў святкавання Дня Волі запланаванае на 14.00 25 сакавіка на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Далей шэсце пройдзе па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе плануецца мітынг», — сказаў Губарэвіч.
Па ягоных словах, дазвол на акцыю пакуль не атрыманы, улады спецыяльна зацягваюць тэрміны. Адказ ад Мінгарвыканкаму павінны паступіць не пазней за 20 сакавіка.
«Пратэстны патэнцыял беларусаў — сёння даволі высокі. Гэты патэнцыял не можа быць прыватызаваны адной палітычнай структурай ці палітычным лідарам, станоўчы эфект ад выхаду людзей на вуліцы можа даць толькі супольная праца па падрыхтоўцы акцыі», — дадаў лідар Руху «За Свабоду».
Губарэвіч падкрэсліў, што 25 сакавіка нельга зводзіць выключна толькі да пратэсту супраць Дэкрэту № 3, «заўсёды людзі выходзілі з лозунгамі ў абарону незалежнасці Беларусі, так будзе і ў гэтым годзе». «Незалежнасць Беларусі, як і прынялі рашэнне ад пачатку, будзе асноўным лозунгам акцыі», — заключыў Юрый Губарэвіч.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі агучыў планы далучэння да аргкаму прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Папярэдняя дамова пра гэта ёсць, структура плануе прыняць канчатковае рашэнне да 8 сакавіка.
Удзельнікі аргкаму агучылі заклік да ўладаў зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам.
«Мы павінны забяспечыць, каб гэты пратэст быў масавым, мірным і годным», — заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён выказаў спадзеў, што да пратэсту далучацца ўдзельнікі сацыяльных акцыяў пратэсту.
Сярод заяўнікаў прадстаўнікі пяці арганізацыяў — Руху «За Свабоду», Партый АГП, БНФ, БХД, Руху Салідарнасці «Разам».
