У 4 гадзіны начы з 22 на 23 лютага невядомыя напалі на ўдзельнікаў акцыі абароны Курапатаў. На той момант там знаходзіўся актывіст Руху «За Свабоду» Аляксей Клюшнічэнка, потым прыехаў намеснік старшыні Юрый Меляшкевіч.
«Нас затрымалі, адвезлі ў пастарунак на вуліцы Кальцова, дзе склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыяваным мерапрыемстве. Потым мы хацелі падаць заявы на напад, аднак спачатку ў нас доўга іх не прымалі, а потым прыехаў начальнік, які заявіў: „Я вас навучу дапытваць“, — і нам прапанавалі распавядаць пра напад на камеру. Мы адмовіліся», — распавёў сайту Pyx.by Аляксей Клюшнічэнка.

Пратакол, які складзены на Клюшнічэнку
Па ягоных словах, у выніку паспеў падаць заяву толькі старшыня Моладзі БНФ Лукашэвіч. Астатнія прачакалі ў пастарунку ля шасці гадзінаў, ім дазволілі сысці, але прыняць рашэнне пра прыняццё заявы без запісу паказанняў на камеру міліцыянты не здолелі.
Актывісты накіраваліся ў Правабарончы цэнтр «Вясна», каб падрыхтаваць скаргу на дзеянні міліцыі.
Фота ілюстратыўнае, Радыё «Свабода»
