«Група маладых людзей, якія прадстаўляліся глуханямымі, у Слуцку прыставалі да мінакоў, спрабуючы прадаць дзяржаўныя чырвона-зялёныя сцяжкі. Я падышоў зрабіў ім заўвагу, запытаўся, ці не незаконная гэта прадпрымальніцкая дзейнасць. У адказ тыя пачалі паводзіць сябе даволі агрэсіўна, хапалі мяне за рукі, спрабавалі адцягнуць», - распавёў сайту Pyx.by Віталь Амяльковіч.
Па ягоных словах, у выніку ён выклікаў міліцыю. «Як толькі тыя пабачылі міліцыю, адзін з маладзёнаў тут жа напісаў у нататках свайго мабільнага тэлефону для супрацоўнікаў міліцыі: «Ён БНФ», - і пачаў тыкаць на налепку на маім тэлефоне з Пагоняй. На гэтыя дзеянні я толькі ўсміхаўся», - адзначыў рухаўскі каардынатар.
Віталь Амяльковіч прыгадаў, што гэтыя ж прадаўцы раней прадавалі і расійскія сцяжкі і "каларадскія" стужкі. І агрэсіўна сябе паводзілі, калі ён спрабаваў іх фатаграфаваць. Апошняя такая сустрэча адбылася з імі 26 і 27 лістапада мінулага года, калі ў Слуцку адбываліся мітынгі і шэсці да гадавіны Слуцкага збройнага чыну. «З таго часу яны, мабыць, і ведаюць, што я з апазіцыі», - усміхаецца Амяльковіч.
Міліцыя затрымала прадаўцоў, паехаў у пастарунак і Віталь Амяльковіч, з якога ўзялі тлумачальную. Па ягоных словах, міліцыянты да сітуацыі паставіліся адэкватна.
Зараз міліцыя апытвае прадаўцоў сцяжкоў, выкліканы сурда-перакладчык. Заява Амяльковіча прынятая, будзе праведзеная праверка,
Фота Віталя Амяльковіча.
